Дата выхаду: 2021
Катэгорыя: Мастацкая літаратура
Copyright © 2021 by Вінцэсь Мудроў
Кнігазбор: KAMUNIKAT — гэты сайт (электронны варыянт)
Дадатковая даведка: Падрыхтаванае на падставе: Мудроў Вінцэсь, Замецены след. Апавяданні, — Мінск: Кнітазбор, 2021. — 208 с.
На прафсаюзным сходзе Мішку Зябліка, хаця ён і рабіў самаадвод, абралі ў мясцовы камітэт. Мішка было засмуціўся, але калі яго паляпалі па плячы, маўляў, не перажывай ужо так, перавёў дых. Напачатку грамадская праца не надта турбавала. Даводзілася, праўда, хадзіць на розныя паседжанні, наведаць у складзе камісіі моладзевы інтэрнат, а пад Новы год падпісаць нязграбным почыркам некалькі віншавальных паштовак заводскім ветэранам. Усе прафсаюзныя справы цягнуў на сваіх плячах старшыня мясцкаму Манучаранц. Але нечакана старшыню паклалі ў бальніцу з гнойным апендыцытам, і Мішка вымушаны быў ачоліць на нейкі час прафсаюзны «стол заказаў» і размеркаваць сярод работнікаў семдзесят слоікаў маянэзу. Занятак гэты даволі непрыемны: дэфіцыту, што паступаў у «стол заказаў», на ўсіх не хапала, і кожнага разу яго размеркаванне суправаджалася сваркамі і звадамі. Нядаўна размяркоўвалі 150 слоікаў зялёнага гарошку, дык жанчыны Манучаранца ледзь не пабілі. Адна патоля — «маянэзны спіс» ужо даўно складзены і перагляду не падлягаў. (фрагмент)
Беларускія аўтары: Мудроў Вінцэсь
Каталёг: Kamunikat.org
Гэтая кніга выдадзеная ў якасці ўзнагароды за трэцяе месца ў конкурсе Літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца ў 2018 годзе (за кнігу Мудроў Вінцэсь. Забойца анёла). Зборнік складаюць 10 апавяданняў рознай тэматыкі, сярод якіх вылучаецца навела “Восень у Вільні”, у якой апавядаецца пра падзеі, звязаныя з прыходам у Заходнюю Беларусь Чырвонай арміі. Болей »
Сястра Кацька ўжо амаль год перапісваецца па электроннай пошце з японцам, і цяпер гэты Хіраюкі ляціць да яе ў адведкі. Паслязаўтра трэба будзе ехаць з сястрой у аэрапорт — сустракаць госця. Памацаўшы хворую патыліцу, Талян скінуў ногі на падлогу, падхапіў са століка пачак цыгарэт і выйшаў, не апранаючыся, на гаўбец. Перш, чым пстрыкнуць запальнічкай, патрабавальна павёў носам. Паветра было працятае пахам гнілога часныка. Гэта смярдзеў х... Болей »
За вокнамі з урачыстай павольнасцю праплылі гарадскія ўскраіны, аўтобус з’ехаў з магістралі і, страсянуўшыся на калдабане, пакаціў па гравійцы. Паабапал дарогі паўстаў непраглядны лес, і ў салоне стала прыцемна. Юрась паправіў гальштук, скасіў вока на вадзілу. Рабаціністы малец у кудлатай, як у басмача, вушанцы, трымаўся адной рукой за стырно, безуважна пазіраючы на дарогу, і гэтак жа безуважна смактаў папяросу, пускаючы на кожнай ухабі... Болей »
Сто гадоў ніхто не пісаў, а вось учора атрымаў е-мэйл. Нейкая студэнтка прапанавала напісаць — як я стаў пісьменнікам. Дзяўчына паведаміла, што колькі празаікаў ужо адказалі на гэтае пытанне, і неўзабаве адказы пабачыць свет. Я, вядома, адмовіўся ад такой прапановы. Выпінаць запалую грудзіну, закідваючы на плячо крысо пурпуровай тогі, самадзейнаму празаіку не з рукі. І ўсё ж згаданае пытанне захрасла ў глуздах. А які, сапраўды, нячысцік... Болей »
Базыль жыве ў хаце, што месціцца ў канцы вясковай вуліцы, і кожнай раніцы ходзіць лавіць мышэй на Дабранскую гару. Насамрэч гэта ніякая не гара, а парослы пустазеллем пагорак са старой ліпай на вершаку. Летам на пагорку стагуюць сена, таму там і развялося шмат палёвак. Апоўдні, змарыўшыся, кот узбіраецца на ліпу і ўважліва глядзіць на далягляд. Там, на даляглядзе, бачна вясковая дарога, густы алешнік і высокае бясхмарнае неба. Кот заплю... Болей »
Больш за ўсё на свеце Ганна баялася падвойнага падбародка. Таму кожнага ранку, выкуліўшыся з пасцелі, ставала перад люстрам і, задзёршы галаву, праводзіла пальцамі па гладкай, як у дзіцяці, шыі. І хоць падвойны падбародак дагэтуль не праглядаўся, жанчына ўздыхала і скоса пазірала на швейную машынку. Прачытала недзе, што найбольш часта ён сустракаецца ў швачак-матарыстак, якія ўвесь час сядзяць скурчаныя. Яна і сама не ведала, адкуль з’я... Болей »
Пад самую раніцу быццам хтосьці паклікаў, ён абудзіўся. Пад бокам працяжна, з сіпатым прысвістам, храпла жонка. Ён тузануў Ніну за плячо, тая замармытала, крутнулася на левы бок. У свядомасці яшчэ луналі рэшткі сну. І, як заўсёды пасля цяжкога дня, прыснілася груша, якая расла каля бацькавай хаты. Дзіўныя рэчы: столькі ўсяго надарылася ў жыцці, столькі краявідаў, столькі чалавечых твараў прамільгнула перад вачыма, а сонная памяць вяртае... Болей »
Прымацаваўшы падшлемнік, Кастан нацубіў каску на галаву, падышоў да люстра і не пазнаў сябе. На яго глядзеў істапраўны эсэсавец. Дарма, што замест чорнага мундзіра на ім была саколка з выявай Мікі Маўса. Адкінуўшыся крыху назад, Кастан пстрыкнуў пальцам па металу і пачуў глухі зык. Штальхельм М-40. Шэсцьдзясят гадоў на гарышчы адваляўся. Працёр шчаўевай кіслатой — і стаў як навюткі. Можна было не фарбаваць. Кастан задаволена пацёр рукі,... Болей »
Пасля трэцяй «пары» Мішку перахапіў на інстытуцкім калідоры куратар і папрасіў адведаць аднагрупніка, які не прыходзіў на заняткі. І хаця хлопец меў іншыя планы, аднак мусіў, не заходзячы дадому, ехаць у перапоўненым аўтобусе на другі канец горада. Лёшка Рындзюк, так звалі аднагрупніка, здымаў пакой у прыватным сектары. Некалі Мішка да яго заходзіў, але даўно, на першым курсе. Адно і запомніў, што на хаце былі сінія аканіцы. Па тых акан... Болей »
— Сляпая, гнятлівая цемра апанавала Бялград. Места як вымерла, і толькі на пляцы Тэразіе, дзе гарыць адзіны на ўвесь горад ліхтар, ды ля галоўнага вакзала ківаюцца постаці амерыканскіх ваяк. Янкі ледзь трымаюцца на нагах, гарлаюць п’яныя песні, і бялградcкія паліцэйскія, пабачыўшы заакіянскіх гуляк, лісліва выструньваюцца і прыкладаюць далоні да скроняў… Напорлівы, па-восеньскаму каляны халадок струменіў праз незакітаванае вакно, казытл... Болей »