|
|
Арганізацыйны камітэт Міжнароднага кангрэсу даследнікаў Беларусі заснаваў штогадовую прэмію за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін. Сярод даследнікаў Беларусі – прадстаўнікі навуковай супольнасці са шматлікіх краін свету, навуковыя зацікаўленні якіх ахопліваюць розныя сферы – ад паліталогіі да мовазнаўства.
Прафесар Арнольд Макмілін з Вялікабрытаніі, да прыкладу, займаецца беларускай літаратурай, і як кажа, асабліва цікавіцца “турэмнай паэзіяй” і творчасцю Ўладзіміра Някляева:
- Калі пасля выбараў ён трапіў у турму, я падумаў, што я магу зрабіць? Я вырашыў пісаць пра Някляева. У мяне ёсць, як мінімум, два артыкулы пра яго. Я цікаўлюся беларускай паэзіяй, напісанай "ля турмы" ці ў турме. Ларыса Геніюш таксама выдатны прыклад.
Трэці Міжнародны кангрэс даследнікаў Беларусі запланаваны на кастрычнік 2013 года. Падчас яго пройдзе ўрачыстасць надання прэміі, а таксама грашовай узнагароды ў памеры не менш за 400 еўра кожнаму пераможцу.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя