|
|
Традыцыйна напачатку сакавіка сябры экспертнай рады літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” вызначаюць чарговае імя лаўрэата.
Сёлета ім стаў вядомы журналіст і пісьменнік, шэф-рэдактар беларускай службы радыё "Свабода" Аляксандр Лукашук. Узнагародай адзначана яго апошняя кніга “Сьлед матылька. Освальд у Менску”. Старшыня арганізацыйнага камітэта прэміі Алесь Аркуш паведаміў, што ўпершыню “Вялеса” атрымае аўтар дакументальнай кнігі:
- Сёння стала вядома імя чарговага лаўрэата літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес”. Ім стаў Аляксандр Лукашук за кнігу “Сьлед матылька. Освальд у Менску”. З дванаццаці экспертаў, якія галасавалі па шорт-лісту літаратурнай прэміі, пяць экспертаў аддалі свае галасы за гэтую кнігу. На другім месцы аказалася кніга Уладзіслава Ахроменкі “Тэорыя змовы”. Уручэнне літаратурнай прэміі адбудзецца традыцыйна на прыканцы сакавіка.
Кніга “Сьлед матылька. Освальд у Менску” распавядае пра старонкі жыцця мінскага перыяду Лі Гарві Освальда, забойцы амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Сам аўтар кнігі лічыць, што “Сьлед матылька” – гэта не толькі аповед пра амерыканца, які вырашыў абмяняць жыццё ў Злучаных Штатах на прыгоды ў Савецкім Саюзе, але і пра Мінск пачатку 60-х: пра чалавечыя адносіны за “жалезнай заслонай”, пра тагачасныя тэхналогіі кантролю за падазронымі і нелаяльнымі, пра сувязь падзеяў, якія на першы погляд не маюць ніякіх сувязяў.