Загінула паэтка Таццяна Сапач




Сяргей Дубавец і Таццяна Сапач трапілі ў аўтакатастрофу. Аварыя здарылася на тэрыторыі Літвы ўначы на 28 снежня. Сям'я вярталася ад дачкі, якая нядаўна нарадзіла ім унучку, паведамляе Радыё Свабода.

Сяргей Дубавец трапіў у шпіталь з траўмамі, яго жонка Тацяна загінула.

Рэдакцыя Радыё Рацыя выказвае глыбокія спачуванні Сяргею Дубаўцу і ягоным блізкім.

****

Таццяна Сапач, паэтка, аўтарка тэлевізійных перадач. Нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў в. Маркава Маладзечанскага р-ну. Скончыла журфак БДУ. Працавала на абласной студыі тэлебачання ў Берасці (1982-1984), на Гомельскім тэлебачаньні (1984-1987), на Беларускім радыё (Менск, 1987-1991, перадача “Альбаросіка”), з 1991 году – рэдактар беларускіх праграм Літоўскага тэлебачання (перадача “Віленскі сшытак”). Робіць партрэты вёсак на Радыё Свабода, на тэлебачанні Белсат выходзіла яе перадача “Паштоўка зь Вільні”.

Вершы друкаваліся ў перыёдыцы (“Літаратура”, “Крыніца”, “Наша Ніва” і інш.) і калектыўных зборніках (“Тутэйшыя” – Менск, 1989; “Дарункі бацькоўскай зямлі” – Менск, 2001; “Я тут бачу свой край...” – Менск, 2005; “Словы і фарбы” – Вільня, 2007; анталогія беларускай паэзіі “Святло ў вокнах” – Вільня, 2008).

Выдала кнігі вершаў “Восень” (1992) і “Няхай не пакіне нас восень / Do not abandon us, Autumn” (2008).

Вершы перакладаліся на ангельскую, літоўскую, расейскую, польскую мовы. У альманаху “Словы і фарбы” дэбютавала як перакладчыца літоўскай паэзіі.

***

Сяргей Дубавец, пісьменнік, літаратурны крытык, журналіст, выдавец (псеўданімы Сяргей Паўлоўскі, Алесь Кебік, С.Пхоў і інш.) Нарадзіўся 17 верасня 1959 году ў Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў журфак БДУ (1984). Служыў у войску (1978-1980). Удзельнік аб’яднання Беларуская Майстроўня (з 1980). Выдавец нефармальных часопісаў “Люстра дзён” (1980), “Бурачок” (1986), “Кантроль” (1988), “Літаратура” (1999) і інш.

Працаваў у выдавецтве БелСЭ (1984), газеце “Гомельская праўда” (1984-1987), часопісе “Нёман” (1987-1990). Галоўны рэдактар газет “Свабода” (1990-91) і “Наша Ніва” (1991-2000), радыё “Балтыйскія Хвалі” (2000-2001), аўтар перадач на Радыё Свабода (з 1997).
Кнігі: “Практыкаванні” (1991), “Русская книга” (1997, другое выданне 2009), “Дзённік прыватнага чалавека” (1998), “Вострая Брама” (2005), “Вершы” (2007), “Як?” (2009)

***

Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org выказвае глыбокае спачуваньне ўсім блізкім Тацьцяны Сапач.

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя