Каардынатарка ААН да беларусаў: «Заставайцеся дома»


Пастаянная каардынатарка Арганізацыі аб’яднаных нацыяў у Беларусі Яанна Казана-Вісьнявецка 28 красавіка выступіла са зваротам да беларусаў і беларускіх уладаў.

«Нягледзячы на актыўныя намаганьні ўраду і міжнародных партнэраў, цяпер мы назіраем у Беларусі эвалюцыю ўспышкі інфэкцыі COVID-19, якая характарызуецца ўстойлівай перадачай і распаўсюджваецца лякальна», — адзначыла каардынатарка ААН.


Яна адзначыла, што 26 красавіка Мінздароўя паведамляла пра больш як 10 тысяч выпадкаў COVID-19 у Беларусі, тады як 26 сакавіка — толькі пра 86.

«У дадатак да рашучых захадаў у адказ з боку мэдыка-санітарных, эпідэміялягічных структураў і ўраду, накіраваных на тэставаньне, адсочваньне і ізаляцыю, у спалучэньні з гераічнымі намаганьнямі мэдычных работнікаў, цяпер прыйшоў час для неадкладных і маштабных захадаў ва ўзмацненьні жорсткасьці фізычнага дыстанцыяваньня», — заявіла Казана-Вісьнявецка.

Яна нагадала рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя
:

    перанос масавых падзей;
    магчымасьць дыстанцыйнай працы і навучаньня ва ўстановах адукацыі;
    прыпыненьне прадпрыемстваў, якія не аказваюць «асноўных паслуг» — кавярняў, рэстарацыяў, гандлёвых цэнтраў;
    скарачэньне «неістотных перасоўваньняў» — паездак за горад, у вёскі і на лецішчы, асабліва сярод людзей у групах рызыкі.

Захады дыстанцыянаваньня могуць прадухіліць шматлікія заражэньні, запаволіць распаўсюд вірусу, даць мэдыкам час падрыхтаваць рэсурсы, работнікаў, ложкі і палаты, аддзяленьні рэанімацыі, сродкі засьцярогі.

«Для ўсіх нас карціна зразумелая: COVID-19, як бязьлітасны забойца, атакуе краіны і людзей, — кажа каардынатарка ААН. — Вірус можа быць сьмяротным, нават калі вы маладыя і моцныя.

На жаль, бывае і так, што вы ня ведаеце, ці ёсьць у вас вірус, але можаце быць яго носьбітам і распаўсюднікам.

Няма нічога больш каштоўнага, чым жыцьцё. Няма нічога больш цяжкага, чым страціць родных, сяброў, калег ці сваіх суграмадзян.

Калі ласка, заставайцеся дома, каб спыніць COVID-19. Гэта дапаможа мэдыкам, прадпрыемствам і супрацоўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і спраўляцца з крызісам».

Радыё Свабода
Крыніца: Радыё Свабода