Максім Знак і Арцём Шуканаў у Беластоку


Запрашаем на аўтарскую сустрэчу з Арцёмам Шуканавым пры кнізе «Пентаквантар» (Gutenberg Publisher), што пройдзе ў межах літаратурнага фестывалю «Na Pograniczu Kultur» на Кніжным кірмашы ў Беластоку.

18 красавіка 2026 (субота)
11:00
| Кніжны кірмаш у Беластоку
Chorten Arena, ul. Słoneczna 1, sala nr 2

«Пентаквантар» – посткіберпанк-раман: неўтаймаваны і маштабны тэхнатрылер, у якім аўтар спрабуе мадэляваць будучыню. У сваіх разважаннях ён закранае магчымасці штучнага інтэлекту, этыку ўзаемаадносін чалавека з ім, прынцыпы працы карпарацый і адказнасць за прыняцце рашэнняў. Зброя, каханне, пагоні і пошукі бодгісатвы – як і належыць добрай гісторыі – робяць твор Арцёма Шуканава спалучэннем дынамічнага сюжэту і глыбока прапрацаванай думкі, што выходзіць па-за межы дзяржаў і ўяўлення.
Аўтар будуе сваю гісторыю з сапраўдным размахам. Дзеянне вядзе чытача ад будыйскіх святыняў спякотнага Лаоса да дажджлівых неонавых вуліц Кіёта. З бетонных джунгляў Мінска-3, што на ўсходніх межах Інтэрмарыуму, мы перамяшчаемся на Мальдывы. А калі Зямля становіцца для гэтай гісторыі занадта цеснай – праз Індыйскі акіян трапляем да вялікай кветкі Чырвонай Плюмерыі, ніжняй станцыі касмічнага ліфта, адкуль героі пачнуць сваё самае далёкае падарожжа – да планеты Джуніпер.
Мадэратарка спаткання – Дар'я Бялькевіч.
Сустрэча будзе перакладацца на польскую мову.
Магчымасць падпісаць кнігу у аўтара таксама будзе.

А ў нядзелю, 19 красавіка, у вас будзе адразу дзве магчымасці сустрэцца ў Беластоку з Максімам Знакам і прыгледзецца да яго творчасці з розных бакоў.

Максім Знак – беларускі юрыст, праваабаронца і літаратар. Быў юрыдычным кансультантам апазіцыйных кандыдатаў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе. Адразу пасля іх быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення паводле палітычна матываваных абвінавачванняў. Напрыканцы мінулага года, пасля працяглага міжнароднага ціску, быў вызвалены і прымусова вывезены з Беларусі.

11:00 | Кніжны кірмаш у Беластоку
Chorten Arena, ul. Słoneczna 1, sala nr 2

На гэтай сустрэчы гаворка пойдзе пра кнігу "Зэкамерон" – збор кароткіх гісторый, лістоў і назіранняў, створаных Максімам за кратамі. Яны спалучаюць у сабе іранічнае і сур'ёзнае, лёгкае і глыбокае, лірычнае і штодзённае. Ды нагадваюць, як насуперак абставінам, у цеснай камеры і сярод абсурду, захоўваць сілу духу і творчую свабоду.

Сустрэча будзе перакладацца на польскую мову.

А пасля яе завітвайце на аўтограф-сесію з аўтарам пры стэндзе 79 – Салон Незалежных Беларускіх Выдавецтваў.

17:00 | Беларускі хаб "Новая зямля"
ul. Św. Rocha 5 lok. 32

Вечарам сустрэнемся ў больш нефармальнай атмасферы ды пагутарым пра музычную творчасць, паслухаем старыя і новыя песні Максіма, а можа нават заспяваем разам.

І раніцай, і ўвечары будзе прастора для пытанняў і размоў.

Выбірайце зручны фармат або наведвайце абедзве імпрэзы, – будзем рады бачыць вас!



Крыніца: Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку