Выдавецкія навінкі ад Камуніката на Кніжным кірмашы ў Беластоку


Ужо ў бліжэйшыя выходныя Targi Książki 2026 / Salon Niezależnych Wydawnictw Białoruskich / 17-19.04.2026 Białystok.

На стэндзе 79 на Chorten Arena ў Беластоку (ul. Słoneczna 1) знойдзеце шэраг новых кніг ад розных беларускіх незалежных выдавецтваў.

Камунікат таксама падрыхтаваў выдавецкія навінкі. Гэта кнігі выдадзеныя Фондам Kamunikat.org а таксама нашымі партнэрамі: Цэнтрам Беларускай Культуры і выдавецтвам SURMA.

Фонд Kamunikat.org
«Нясвіжская крыза» гэта зборнік прозы Уладзіслава Ахроменкі вельмі розных жанраў і накірункаў. Чытач знойдзе тут яго славутую «Тэорыю змовы» — вострасюжэтны кінараман-фарс, у якім Аўтар ставіць у парадаксальнай і жорсткай форме тыя беларускія пытанні, якія многія баяцца задаць сабе нават у думках. Ёсць таксама «Музы і свінні» — кніга гарадскіх міфаў, легендаў і апокрыфаў пра герояў, якія нас змянілі. Сярод герояў Дзед Талаш, Дзмітрый Шастаковіч, Кім Ір Сэн, Уладзімір Мулявін, Жак-Іў Кусто, але ёсць таксама ананімныя акцёры, рэжысёры, музыкі, мастакі, мянты, цэнзары і камітэтчыкі.

У зборнік прозы мы вырашылі дадаць нідзе дагэтуль не публікаваныя тэксты двух незавершаных раманаў: «Нясвіжская крыза» i «Выкрадальнік гукаў». «Ведаючы творчыя модулі Уладзіслава, — піша яго сябра і суаўтар некалькіх кніг Максім Клімковіч, — магу сцвярджаць, што першы тэкст — гэта недзе 70% ад меркаванага канчатковага аб’ёму, а другі — ўсяго каля 10%».

Радкі і рыфмы розных гадоў, але аднаго жыцьця, зь якога выдалена ўсё, апроч слоў. Кніга пра любоў.
Іпастасям
Уладзімера Арлова, які блукае па розных старонках гэтай кнігі як канчатак «-оў»
у пошуках рыфмы;
Насты Кудасавай, якая прыслала адзін свой верш для першай публікацыі тут, а другі вярнула сюды з таго сьвету;
Уладзімера Някляева, які перафарбаваў мой чорна-белы раманс у каляровы;
Ў, ад якога нават ШІ хаваецца ў б-бу
— мая незавершасная ўдзячнасьць.

Гэта ўжо шостае, дапрацаванае выданьне культавай кнігі вядомага пісьменьніка і дасьледніка нашай даўніны Ўладзіміра Арлова.

У кнігу ўвайшлі 410 гістарычных партрэтаў тых, хто з часоў Тадэвуша Рэйтана і Тадэвуша Касьцюшкі змагаліся за свабоду і незалежнасьць беларускай зямлі. Гэта – своеасаблівая аўтарская энцыкляпэдыя любові да радзімы, свабоды і незалежнасьці. У тым ліку дзясяткі аповедаў пра дзеячаў БНР, пачынаючы з тых, хто быў ля яе вытокаў. Гэта браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Варонка, Язэп Лёсік, Пётра Крэчэўскі, Васіль Захарка, Мікола Абрамчык ды іншыя.

SURMA
«Хвароба перадаецца праз мову адмаўлення: яна пераходзіць у наступнае пакаленне праз сакрэты, абвінавачванні і хлусню», – такую думку пачула б Міра Ждановіч на сустрэчы ДДА – Дарослых дзяцей алкаголікаў. Міра, аднак, не паспела да іх дайсці: пэўным сонечным днём яна сустрэла незнаёмку, якая прапанавала ёй альтэрнатыўны спосаб самавызвалення. Сямейная сага, сацыяльна-псіхалагічная драма, замалёўкі-ўспаміны, эмігранцкі плач па страчаным доме, дзе разбіваліся сэрцы, дзе ніколі не жыло шчасце… ці ўсё ж такі жыло?

Яна Гульцяева — перакладчыца, скончыла аддзяленне паланістыкі філалагічага факультэта БДУ ў 2017 годзе. Адна з пераможцаў конкурсу апавяданняў “10+10: Мінск” (2018), выпускніца Школы маладога пісьменніка (2020). З 2021 года жыве ў Францыі, перакладае беларускую і французскую паэзію, кароткую прозу і драматургію.

Цэнтр Беларускай Культуры
З нагоды 80-годдзя з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Някляева, якое вывадае на 2026 год, Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку прадстаўляе зборнік трынаццаці апавяданняў аўтара, як на беларускай мове – «Святая крыніца», так і ў перакладзе на польскую мову пад загалоўкам «Święte źródło».

Марцін Рэмбач, перакладчык: «Кожнае з ападвяданняў прадстаўляе сваю арыгінальную гісторыю і адначасова ўваходзіць у дыялог з вялікімі літаратурнымі традыцыямі. Яны пераасэнсоўваюць даўнія ідэі і каментуюць сучаснасць. Гэта вельмі розныя апавяданні паводле тэматыкі, літаратурнай формы, а перадусім, маштабу апавядальнага размаху. Тут можна знайсці шматпакаленчую містычна-экзістэнцыяльную гісторыю, поўную пытанняў пра жыццё і смерць («На ўсякім свеце»), разгорнуты трагічна-іранічны вобраз пасляваеннай вёскі на беларуска-літоўскім памежжы («Мірон ды Мірон»), вобраз сучаснай беларускай палітыкі, накрэслены тоўстай, гратэскавай рысай («Кот Клаўдзіі Львоўны»), а таксама вечна актуальнае ў постсавецкай рэчаіснасці і такое ўнікальнае ў літаратуры нігілістычнае апісанне наступстваў пасляваеннай траўмы («Хайбах»). Такая падборка апавяданняў не стварае ні тэматычна, ні фармальна адзінага збору. Метафізіка суседнічае з гратэскавым пачаткам, а казка, што нясе веру ў перамогу дабра, — з вобразам наскрозь прайгранага свету. Аднак, такая падборка мае вялікую перавагу: яна паказвае ўсебаковасць таленту Някляева, а польскаму чытачу — таксама тое, наколькі беларуская літаратура можа быць падобнай да польскай і адначасова, наколькі моцна яна здольная ад яе адрознівацца».
Крыніца: Kamunikat.org