Павел Баркоўскі: Ідэалагічны ціск у Беларусі ўзмацняецца


Перастаноўкі ва ўрадзе ў Менску «на гуманітарных напрамках» сведчаць пра ўзмацненне ідэалагічнага ціску ў Беларусі, каментуе прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Баркоўскі.

Нагадаем, напярэдадні былога міністра інфармацыі, прапагандыста Марата Маркава прызначылі міністрам культуры. Гэта пэўны знак у стылі аўтарытарнага кіравання, які практыкуецца ў Беларусі, тлумачыць Павел Баркоўскі:

– Прызначэнне былога міністра інфармацыі, які фактычна адзін з штатных ідэолагаў-прапагандыстаў рэжыму, азначае толькі тое, што, відаць, папярэдняе кіраўніцтва не дало рады навесці там поўны парадак. То бок, не далі рады звольніць усіх нелаяльных спецыялістаў і прыдушыць любыя галасы супраць.

Пра ўзмацненне ідэалагічнага складніка сведчаць і іншыя інфармацыі, што прыходзяць з Менску. Галоўны характар якіх – парушэнне свабод беларусаў, – працягвае Павел Баркоўскі:

– Таму, магчыма, гэтае прызначэнне таксама пра ўзмацненне ідэалагічнага ціску. Вось на днях як раз была навіна, калі ў прыватную кампанію прыйшлі сілавікі толькі таму, што іх дырэктар абурыўся фактам навязання яму намесніка па ідэалогіі. Гэта значыць, што ёсць такі запыт – ціснуць, ідэалагічна ціснуць, і ён будзе, відаць, працявацца.

З 9 красавіка Марат Маркаў працуе на пасадзе міністра культуры, да гэтага ён займаў пасаду міністра інфармацыі, міністрам інфармацыі прызначаны Дзмітрый Жук, які раней ачольваў выдавецкі дзяржаўны дом “Беларусь сегодня”.


Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя