Прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава


Адкрыты прыём заявак на прэмію імя Міхала Анемпадыстава за найлепшы дызайн кніжнай вокладкі!

Што важна?


Прэмія ацэньвае не толькі візуальную прыгажосць вокладкі, але і тое, наколькі яна адлюстроўвае сутнасць самога выдання. 

Хто можа ўдзельнічаць?

Дызайнеры, якія аформілі вокладкі да беларускіх папяровых кніг, што выйшлі ў 2025 годзе. Беларускай кнігай лічыцца кніга, якая адпавядае як мінімум двум з пералічаных ніжэй крытэрыяў:
  •     выдадзена ў беларускім выдавецтве;
  •     напісана беларускім аўтарам;
  •     напісана па-беларуску;
  •     змест звязаны з Беларуссю або яе культурай.

Падрабязнасці правядзення прэміі можна пачытаць у статуце і рэгламенце.

Як падаць заяўку?

Проста запоўніце гугл-форму да 29 сакавіка 2026 года (да 23:59 беларускага часу). Заявіць кнігу на прэмію могуць дызайнеры, пісьменнікі, сябры журы, арганізатары прэміі, выдавецтвы!

Калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, калі ласка, выкарыстайце опцыю зашыфраванага ўдзелу (ні вашае імя, ні твор не будуць згадвацца публічна).

Аўтары найлепшай вокладкі будуць уганараваныя ўзнагародай прэміі Анемпадыстава – статуэткай анёла.

Хто арганізуе?

Прэмію ладзяць Беларускі ПЭН і фонд Open Culture.

Чаму гэта важна?

Прэмія названа ў гонар Міхала Анемпадыстава – мастака, дызайнера, паэта і культурнага дзеяча, чые працы значна паўплывалі на развіццё сучаснай беларускай візуальнай культуры. Заснаваная ў 2019 годзе, яна адзначае найлепшыя прыклады кніжнага дызайну і падтрымлівае традыцыю ўганаравання і прасоўвання беларускіх выданняў. Лаўрэатамі папярэдняга сезона сталі Ігар Юхневіч і Маша Мароз за вокладку кнігі «Мое баба – діректор морга».

Калі вы ведаеце кнігу з вокладкай, якая сапраўды запамінаецца, прапануйце яе на прэмію – магчыма, менавіта яна стане наступным пераможцам.


З пытаннямі звяртайцеся, калі ласка, на vokladka@penbelarus.org.


Крыніца: Беларускі ПЭН