Камунікат у сакавіку наведае Торунь, Гданьск, Шчэцін, Варшаву і Кракаў


Торунь, 23 сакавіка 2026

Фонд Kamunikat.org ужо 23 сакавіка прыме актыўны ўдзел у «III Польска-беларускіх сустрэчах», якія адбудуцца ў Торуньскім універсітэце імя Мікалая Каперніка (Collegium Humanisticum UMK, ul. W. Bojarskiego 1, Toruń).

Ужо а 11:30 у Зале Рады факультэта (C.0.39) адбудзецца дыскусія «Чаму Беларусь і сёння перажывае падзелы Рэчы Паспалітай? Дыскусія пра мінулае і будучыню народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы». У ёй прымуць удзел праф. д-р габ. Богуслаў Дыбась (IHiA UMK) і д-р Вадзім Аніпяркоў (IHiA UMK).

А 13:15 у Зале Рады факультэта (C.0.39) старшыня Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк правядзе дыскусійную панэль «Забароненая тэма? Беларуская Народная Рэспубліка — незалежніцкі праект беларусаў з перспектывы больш як ста гадоў» з удзелам праф. д-ра габ. Дароты Міхалюк (IHiA UMK) і праф. д-ра габ. Аляксандра Смалянчука (Інстытут славістыкі ПАН). Дыскусія будзе датычыцца, між іншым, кнігі праф. Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці», якая трапіла ў спіс кніг, забароненых у Беларусі.

«III Польска-беларускія сустрэчы»
завершацца паказам фільма Мары Тамковіч «Пад шэрым небам», які распавядае гісторыю журналісткі тэлебачання «Белсат», што пасля сфальсіфікаваных выбараў у Беларусі вядзе трансляцыю разгонаў пратэстаў. Яе выяўляе ваенны дрон, пасля чаго яе затрымліваюць. Яе муж змагаецца за яе вызваленне. Паказ пачнецца а 16:00 у аўдыторыі (AB.1.22).

Пасля фільма пра сітуацыю журналістаў і апошнюю хвалю рэпрэсій супраць незалежных выдаўцоў у Беларусі са старшынём Фундацыі Kamunikat.org Яраславам Іванюком будзе размаўляць д-р Аліцыя Бартніцка (IHiA UMK).

Торунь, 24 сакавіка 2026

24 сакавіка ў Торуні адбудзецца прэзентацыя непадцэнзурнага выдання кнігі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. У сустрэчы ўдзельнічаюць пісьменнік Уладзімір Арлоў і выдавец Яраслаў Іванюк.

Выданне рамана Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» Фондам Kamunikat.org было даўно чаканай падзеяй — як для чытачоў, так і для тых, хто ўспрымае беларускую літаратуру як жывую частку сучаснасці.

Раман, знаёмы многім пакаленням школьнікаў, быў выключаны з праграмы ў 2023 годзе. Але яшчэ нядаўна гэтую кнігу можна было прачытаць на «Валадарцы» (sic!) і ў іншых турмах, дзе ўтрымліваюцца палітзняволеныя.

Яраслаў Іванюк раскажа гісторыю выдання, якім Камунікат завершыў святкаванне свайго 25-годдзяУладзімір Арлоў падзеліцца асабістымі згадкамі: як класік паўплываў на яго жыццё і выбар. Наведнікі сустрэчы пачуюць між іншым пра сланоў у цэнтры Менску і чаму кнігі Караткевіча давалі па дзве ў адны рукі. 

Месца: Klasztor Redemptorystów (ul. Św. Józefa 23/35, Toruń)
Час: 24 сакавіка, 18:00

Расповяд пра сланоў ў Менску і касманаўтаў над Оршай (дакладна так!) пачуем таксама 26 сакавіка ў Шчэціне, дзе адбедзецца чарговая прэзентацыя «Каласы пад сярпом тваім» — кніга для кожнага беларуса.

Месца: Klub Storrady (ul. Storrady 2Szczecin)
Час: 26 сакавіка, 18:00

Гданьск, 25 сакавіка 2026

Фонд Kamunikat.org прыме таксама ўдзель ў святкаванні Дня Волі ў Гданьску108-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, якія адбудуцца ў Еўрапейскім Цэнтры Салідарнасці (ECS)

Святкаванні распачнуцца выкананнем гімна БНР перад знакамітай «Карцінай Свабоды» беларускага мастака Алеся Пушкіна.

Алесь Пушкін, карыстаючыся фарбамі і пэндзлямі, выяўляў пратэст супраць несправядлівасці, гвалту і парушэння правоў чалавека мацней за многіх іншых. «Карціну Свабоды» ён ствараў з 1989 года і толькі адзін дзень у годзе — 25 сакавіка, у Дзень Волі. Мастацкі твор ён не паспеў завяршыць перад смерцю — памёр з-за таго, што своечасова не атрымаў медыцынскай дапамогі ў зняволенні. «Карціна Свабоды» як твор усяго жыцця Алеся Пушкіна будзе прадстаўлены наведвальнікам ECS толькі на адзін дзень.

У межах гданьскіх урачыстасцяў Дня Волі адбудзецца таксама кірмаш беларускіх выдавецтваў, у якім возьме ўдзел Фонд Kamunikat.org. Акрамя таго, старшыня Фонд Яраслаў Іванюк будзе мадэратарам дыскусіі «Ці можна забараніць мінулае?» з удзелам дарадцы лідаркі беларускай апазіцыі Святланы Ціханоўскай па пытаннях навукі і адукацыі Паўла Церашковіча, дырэктаркі Гданьскага Дома Літаратуры Эльжбеты Фалтыняк, старшыні Беларускага культурнага таварыства «Хатка» праф. Лены Глаговскай, выкладчыцы Інстытута гісторыі і архівазнаўства Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні праф. Дароты Міхалюк ды паўнамоцніцы дырэктара Еўрапейскага Цэнтру Салідарнасці па міжнародных справах і пратаколе Магдалены Харкін-Яшча

Шчэцін, 26 сакавіка 2026

«Каласы пад сярпом тваім» — кніга для кожнага беларуса.
Месца: Klub Storrady (ul. Storrady 2Szczecin)
Час: 26 сакавіка, 18:00

Варшава, 28 сакавіка 2026

У Варшаве адбудзецца маштабная імпрэза, прысвечаная 108-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Падзея пройдзе з 16:00 да 20:00 і завершыцца на Placu Zamkowym, дзе будуць прамаўляць палітыкі, пройдзе канцэрт і адбудзецца святочны кірмаш. Сярод стэндаў вы знойдзеце таксама кнігі ад Камуніката.

Кракаў, 28 сакавіка 2026

Сакавік Фонд Kamunikat.org закончыць прэзентацыя забароненай у Беларусі кнігі праф. Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

«Мінулае нельга забараніць, а навуку — пакараць». Сустрэча з праф. Даротай Міхалюк

Прастора, ul. Mikołajska 4/6, Кракаў
29 сакавіка 2026 / нядзеля
14:00 — 16:00


Крыніца: Kamunikat.org