КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў


Як паведамляе тэлеграм-канал «Вясна / Правы чалавека ў Беларусі», КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваннем» кааліцыю друкаваных выдавецтваў

Гаворка пра «Фонд Kamunikat.оrg», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing».

Заснавальнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк адзначыў у каментары «Люстэрку», што такой «кааліцыі» не існуе ў прыродзе.

Цяжка наогул сказаць, як да гэтага ставіцца. Такой рэчы, як кааліцыя друкаваных выдавецтваў, у прынцыпе не існуе. Гэта проста беларускія выдавецтвы, і рэжым хоча прыкрыць магчымасць, каб такога тыпу выданні — незалежныя беларускія кнігі — траплялі ў Беларусь. Бо вядома, што «экстрэмісцкае фарміраванне» — вельмі сур’ёзная адказнасць і наступствы для людзей, якія будуць нават проста ў сябе на паліцы мець такога тыпу кнігі. Мне згадваецца справа «Саюза вызвалення Беларусі» (сфальсіфікаваная палітычна-крымінальная справа неіснуючай арганізацыі, распачатая супраць дзеячаў беларускай навукі і культуры ў 1930 годзе), калі прышывалі нейкія там справы, распачыналі пераслед за нібыта трацкізм ці нешта такое. Гэта поўны абсурд. Вядома, ад гэтага лягчэй працаваць не стане.

Нагадаем, напрыканцы лютага ў Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў. Паводле інфармацыі «Вясны», агулам было затрымана як мінімум 10 чалавек — частку з іх адправілі на «суткі».

Адзначым, што частка з затрыманых дагэтуль знаходзіцца за кратамі.

Крыніца: Kamunikat.org