Упершыню па-беларуску выйшаў зборнік эсэ Ханны Арэнт


У выдавецтве «Пфляўмбаўм» пабачыў свет зборнік эсэ Ханны Арэнт «Пра чалавечнасць у цёмныя часы», укладзены Мары Луізэ Кнот. Навінка ўжо прадаецца на Віленскім кніжным кірмашы (стэнд выдавецтва — 5.A10), пазней з’явіцца ў іншых месцах продажу.

Перакладалі эсэ Алена Пятровіч, Вольга Гронская, Алена Талапіла, Кацярына Тэвес. Рэдактарка — Кацярына Маціеўская.

Гэта кніга пачалася з пытання, зададзенага беларускай пісьменніцай Святланай Алексіевіч вядомай нямецкай экспертцы па інтэлектуальнай спадчыне Арэнт Мары Луізэ Кнот на фестывалі міжнароднай літаратуры ў Кёльне ў 2022-м. «Ці можаце вы мне сказаць, што Ханна Арэнт думала пра калектыўную віну, ці існуе нямецкая віна?» — спытала Алексіевіч. Яе цікавіў панятак «арганізаванай віны», то бок той факт, што нацысты зрабілі немцаў суаўтарамі злачынства ці пасіўнымі суўдзельнікамі.

Паколькі магчымасці падрабязна абмеркаваць гэтае пытанне ў іх не было, Святлана Алексіевіч прапанавала Мары Луізэ Кнот ўкласці кнігу эсэ Арэнт для выдання ў выдавецтве «Пфляўмбаўм». Вынік — першая кніга знакамітай мысляркі па-беларуску.

Прапануем азнаёміцца са зместам кнігі:

ШТО ЗАСТАЕЦЦА? ЗАСТАЕЦЦА РОДНАЯ МОВА
Размова Гюнтэра Гаўса з Ханнай Арэнт
АРГАНІЗАВАНАЯ ВІНА
ПЕРСАНАЛЬНАЯ АДКАЗНАСЦЬ
ВА ЎМОВАХ ДЫКТАТУРЫ
КАЛЕКТЫЎНАЯ АДКАЗНАСЦЬ
УВОДЗІНЫ Ў ПАЛІТЫКУ
РАЗУМЕННЕ І ПАЛІТЫКА
МЫСЛЕННЕ І МАРАЛЬНЫЯ ПЕРАКАНАННІ
ДУМКІ ВАКОЛ ЛЕСІНГА
Пра чалавечнасць у цёмныя часы
ПАСЛЯМОВА ЎКЛАДАЛЬНІЦЫ МАРЫ ЛУІЗЭ КНОТ
У пошуках падмуркаў для новай палітычнай маралі

Выданне стала магчымым пры падтрымцы Goethe-Institut.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў