Распачынаем новы паэтычны сезон: адкрыты прыём заявак на прэмію Наталлі Арсенневай!


Да ўдзелу запрашаюцца аўтары і аўтаркі паэтычных кніг, выдадзеных у 2025 годзе. Прэмія — магчымасць сустрэцца з чытачамі, калегамі і крытыкамі і паказаць сучасную беларускую паэзію ў яе поўнай разнастайнасці. Няхай вашы словы знойдуць свой шлях да сэрцаў чытачоў!

Прэмія носіць імя Наталлі Арсенневай — выдатнай паэткі і зоркі беларускай літаратуры, аўтаркі славутага верша «Малітва» («Магутны Божа»). Яе творчасць і дзейнасць на эміграцыі сталі важным унёскам у захаванне і развіццё беларускай культуры (артыкул пра патронку можна прачытаць тут).


З 2021 года арганізацыяй гэтай падзеі займаюцца Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Кожны год яна робіцца прасторай паэтычных адкрыццяў, адлюстроўвае шматгалоссе беларускай паэзіі і падкрэслівае значэнне слова як магутнага сродку мастацкага самавыяўлення.

Умовы конкурсу:

Правам намінавання валодаюць самі аўтары/аўтаркі паэтычных кніг, выдавецтвы, сябры журы, сябры аргкамітэта, творчыя аб’яднанні, культурніцкія інстытуцыі, СМІ.

Жанр: паэзія.

Год выдання: кніга мусіць быць выдадзена ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі паміж 1 студзеня і 31 снежня 2025 года.

Мова: беларуская.

Фармат: кніга мусіць быць выдадзена ўпершыню ў папяровым або электронным выглядзе або ў фармаце аўдыякнігі (выдадзенай упершыню лічыцца кніга, палова і больш за палову зместу якой публікуецца ў кнізе ўпершыню).

Калі кніга выйшла паміж 1 студзеня і 31 снежня каляндарнага года, для якога быў абвешчаны конкурс, але з нейкай прычыны не ўдзельнічала ў ім, яна можа заяўлена на ўдзел у наступным каляндарным годзе.

Падрабязнасці ўдзелу

Падрабязней пра ўмовы і правілы прэміі можна даведацца на нашым сайце:

Статут прэміі

Рэгламент прэміі

Як падаць заяўку?

Усё проста! Запоўніце спецыяльную форму па спасылцы. У выпадку тэхнічных перашкод электронную версію вашай кнігі або аўдыякнігу разам з вокладкай (у фарматах jpeg, jpg або png) можна даслаць на электронны адрас арганізатараў aj@penbelarus.org. Не забудзьцеся абавязкова пазначыць у тэме ліста назву кнігі і імя аўтара/аўтаркі.

Канчатковы тэрмін падачы заявак — да 23:59 22 лютага 2026 года.

Больш падрабязнасцяў шукайце на нашым сайце: penbelarus.org

Да сустрэчы ў новым паэтычным сезоне!
Крыніца: Беларускі ПЭН