Камунікат выдаў ужо чатыры зборнікі ў серыі «Паэты планеты»


Кнігі ў рамках серыі «Паэты планеты» ў асноўным выходзілі ў розных выдавецтвах у Мінску. Там з сусветнай паэтычнай класікі з’явілася больш за сто зборнікаў.

Аднак дзякуючы даверу беларускіх паэтаў да Фонду Kamunikat.org серыя выходзіць таксама па-за межамі Беларусі. Пачынаючы з 2023 году выйшла ўжо чатыры зборнікі – трох паэтаў і аднае паэткі.

Усё пачалося з «Выбранай лірыкі» Уладзіміра Арлова – беларускага творцы, больш вядомага ў Беларусі як празаік і эсэіст. Пры гэтым яго надзвычай тонкая арыгінальная паэзія прыцягнула ўвагу чытачоў далёка па-за межамі Беларусі, асабліва пасля прысуджэння яму першай у гісторыі міжнароднай прэміі «Еўрапейскі паэт Свабоды» ў 2010 г. Кніга адрасуецца шырокаму колу чытачоў.

Пазней быў Уладзімір Някляеў і яго «Перавыбранае». Гэта найлепшыя вершы безумоўнага класіка сучаснай беларускай літаратуры, чые творы таксама перакладзены на дзясяткі моў свету. Яго паэзіі ўласцівыя сугестыўнасць і надзвычайная пругкасць радка, у ёй выразна бачыцца шчыльная знітаванасць асобы лірычнага героя з мінуўшчынай, цяпершчынай і будучыняй роднага краю і ўсяго і свету.

Яшчэ ў 2023 годзе прыйшоў час на паэта маладзейшага пакаленняФонд Kamunikat.org выдаў зборнік вершаў Андрэя Хадановіча – беларускага паэта, перакладчыка, літаратуразнаўца, барда. Кніга лаўрэата шэрагу беларускіх і замежных літаратурных прэмій, якога творчасць вызначаецца багаццем і разнастайнасцю мовы, стылістычнымі эксперыментамі ды іранічнасцю стылю выйшла пад самым простым загалоўкам «Вершы».

Ды ўрэшце ў гэтым годзе быў падрыхтаваны зборнік першай у нашай серыі выбітнай беларускай паэткі маладога пакалення Насты Кудасавай. Яе адрэдагаваная Андрэям Хадановічам «Лірыка» гэта 100 вершаў — ад тэкстаў 2001 года да найноўшых твораў.

Да таго ж Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак сучаснай беларускай літаратуры. Яе творчасць спалучае вернасць класічнай форме са смелай вобразнасцю і выключнай чуласцю да слова. Кнігі вершаў «Маё невымаўля» і «Побач» прынеслі аўтарцы прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды і шырокую чытацкую любоў. Нарадзілася ў Рагачове, жыве ў Гдыні.

Усе аўтары зборнікаў выдадзеных Камунікатам у рамках серыі «Паэты планеты» прымуць удзел у Міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова, які 13 лютага 2026 году пачынаецца ў Варшаве.

Да нядзелі 14 лютага 2026 выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, музыкі, але перш за ўсё — паэты і перакладчыкі будуць прэзентаваць плён сваёй працы за мінулы год у Музеі Вольнай Беларусі (ул. Foksal 11, Варшава).


Крыніца: Kamunikat.org