Камунікат на фестывалі «Вершы на асфальце» ў Варшаве


13—15 лютага Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Варшаве маштабны літаратурны форум. На Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова з’едуцца выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, музыкі, але перш за ўсё — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год.

Запачаткаваны ў 2012 годзе ў Мінску, апошнія чатыры гады фестываль праходзіў у Вільні, але сёлета арганізатары вырашылі звярнуцца да новай глядацкай аўдыторыі.

Ужо ў суботу 14 лютага а 12:00 адбудзецца прэзентацыя новых выданняў Міжанроднага саюза беларускіх пісьменнікаў і Фонду Kamunikat.org: альманаха «Апостраф» (нумар 5), анталогіі турэмнай паэзіі «Вершы на волю» і анталогіі сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары».

Пазьней, а 13:40, прэзентацыя кнігі «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча без цэнзуры. Кніга для кожнага беларуса». У сустрэчы ўдзельнічаюць пісьменнік Уладзімір Арлоў і выдавец Яраслаў Іванюк.

Да «Стральцоўскага фестывалю» Фонд Kamunikat.org падрыхтаваў таксама два паэтычныя выданні.

Якраз сёння выйшаў новы зборнік вершаў Валянціны Аксак «Вячэра з чужым каханкам». Пасля кнігі «Уцёкі з Палесся» (2023) гэта ўжо другая кніга аўтаркі, якую выдае Фонд Kamunikat.org.

Новая кніга Валянціны Аксак у некаторых чытачоў можа выклікаць жаданне падкінуць паленца ў вогнішча пад аўтаркаю. Або звярнуцца да славутага полацкага ката Бальтазара, каб той нагайстрыў сякеру. Чытачы з інквізіцыі, без сумневу, так бы і зрабілі. Паэтку, якая ўявіла сябе на каленях у Хрыста, у нашы дні закон дазваляе пакінуць жывой. Спаліць можна хіба што яе творы — тыя, што, на думку абураных, выходзяць за межы цноты, бо аўтарка вячэрае — і не толькі — з чужым каханкам. І ўсё ж дзеля справядлівага выраку варта ўважліва прачытаць напісанае між радкамі гэтай кнігі.

Валянціна Аксак нарадзілася на Нясвіжчыне, жыве ў Мінску. Аўтарка паэтычных кніг «Цвінтар», «Капліца», «Антычны дождж», «Віно з Каліфорніі», «Ружоўніца», «Дзікая сліва», «Завінены рай», «Кава ў арліным гняздзе», «Трэці Эдэм»«Уцёкі з Палесся». Яе вершы выходзілі ў перакладах на шведскую, літоўскую, польскую, расійскую, французскую, украінскую, англійскую, дацкую, іспанскую, румынскую, фінскую і італьянскую мовы.

Фонд Kamunikat.org працягваючы таксама серыю «Паэты планеты». Пасля кніг Уладзіміра Арлова («Выбраная лірыка»), Андрэя Хадановіча («Вершы») і Уладзіміра Някляева («Перавыбранае»), да Стральцоўскага фестывалю выдаў зборнік выбітнай паэткі маладога пакалення Насты Кудасавай «Лірыка». У адрэдргаваную Андрэям Хадановічам кнігу сабрана 100 вершаўад тэкстаў 2001 года да найноўшых твораў.

Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак сучаснай беларускай літаратуры. Яе творчасць спалучае вернасць класічнай форме са смелай вобразнасцю і выключнай чуласцю да слова. Кнігі вершаў «Маё невымаўля» і «Побач» прынеслі аўтарцы прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды і шырокую чытацкую любоў. Нарадзілася ў Рагачове, жыве ў Гдыні.

Да сустрэчы на паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» ў Варшаве:

Субота 14 лютага
12.00—13.00. Новыя выданні Міжанроднага саюза беларускіх пісьменнікаў і Фонду Kamunikat.org: альманах «Апостраф», анталогія турэмнай паэзіі «Вершы на волю», анталогія сучаснай літоўскай паэзіі «Горад на гары».
13.40—14.30. Прэзентацыя непадцэнзурнага выдання раману «Каласоў пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Удзельнічаюць выдавец Яраслаў Іванюк і пісьменнік Уладзімір Арлоў.
15.10–15.50. Прэзентацыя новай кнігі вершаў Валянціны Аксак «Вячэра з чужым каханкам»

Нядзеля 15 лютага
17.40–18.20. Творчая сустрэча з Настай Кудасавай. Прэзентацыя новай кнігі выбранага «Лірыка»


Крыніца: Kamunikat.org