Неўзабаве выйдуць дзве чарговыя кнігі ад Камуніката


Фонд Kamunikat.org выдае чарговыя кнігі сучасных беларускіх аўтараў.

Першая з іх — гэта зборнік прозы заўчасна памёршага Уладзіслава Ахроменкі, пісьменніка, звязанага з Менскам, Чарнігавам, а таксама з Беластокам.

«Я не ведаю: калі памру, дзе памру і за якімі абставінамі», — пісаў ён у сваім Facebook 17 красавіка 2018. Не прайшло і паўгода, як Аўтар кнігі, якую падрыхтаваў да друку Фонд Kamunikat.org, памёр у Беластоку пасля інфаркту.

«Нясвіжская крыза, альбо вернуты рай» — гэта зборнік прозы Уладзіслава Ахроменкі з тэкстамі вельмі розных жанраў і накірункаў. Чытач знойдзе тут яго славутую «Тэорыю змовы» — вострасюжэтны кінараман-фарс, у якім Аўтар ставіць у парадаксальнай і жорсткай форме тыя беларускія пытанні, якія многія баяцца задаць сабе нават у думках. Ёсць таксама «Музы і свінні» — кніга гарадскіх міфаў, легендаў і апокрыфаў пра герояў, якія нас змянілі. Сярод герояў Дзед Талаш, Дзмітрый Шастаковіч, Кім Ір Сэн, Уладзімір Мулявін, Жак-Іў Кусто, але ёсць і ананімныя акцёры, рэжысёры, музыкі, мастакі, мянты, цэнзары і камітэтчыкі.

У зборнік трапілі таксама нідзе дагэтуль не публікаваныя тэксты двух незавершаных раманаў Уладзіслава Ахроменкі: «Нясвіжская крыза, альбо вернуты рай» i «Выкрадальнік гукаў». «Ведаючы творчыя модулі Уладзіслава, — піша яго сябра і суаўтар некалькіх кніг Максім Клімковіч, — магу сцвярджаць, што першы тэкст — гэта недзе 70% ад меркаванага канчатковага аб’ёму, а другі — ўсяго каля 10%».

Другая кніга, якую толькі што здаў у друк Фонд Kamunikat.org, — гэта сямейная сага, нон-фікшн і спавядальная проза адначасова беларускага пісьменніка ўкраінскага паходжання Міколы Адама «…І прыдбаў гэты дом». У трылогію ўвайшлі «…І прыдбаў гэты дом», «Адаптацыя», «Вольны птах». Трэцяя частка друкуецца ўпершыню.

Падзеі распачынаюцца ў 1970-х гадах стасункамі сына ворага народа і дачкі героя Савецкага Саюза, беларуса і ўкраінкі, у Казахстане ды Беларусі. Аўтар распавядае пра адысею герояў шчыра і бескампрамісна, распавядае пра каханне як фатум, а не боскі дар, пра нацыянальную свядомасць, якой заўжды бракуе.

На думку пісьменніка і паэта Паўла Гаспадыніча: «Проза Міколы Адама ў сучаснай беларускай літаратуры — з’ява адметная. Перш за ўсё сваім непаўторным стылем з дамінаваннем паэтычнай метафорыкі, што даруе чытачу сапраўдную асалоду ад кожнага сказа. Сюжэты твораў Міколы Адама — гэта як хуткая плынь ракі, з якой не хочацца выходзіць».

Абедзве кнігі cа зніжкай ужо можна замовіць на сайце Kamunikat.shop

Уладзіслаў Ахроменка, «Нясвіжская крыза, альбо вернуты рай» 
Мікола Адам, «…І прыдбаў гэты дом»

Крыніца: Kamunikat.org