Два новыя паэтычныя зборнікі ад Камуніката на Стральцоўскім фэсце ў Варшаве


У палове лютага ў Варшаве адбудзецца чарговы Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова.

Запачаткаваны ў 2012 годзе ў Мінску, апошнія чатыры гады фестываль праходзіў у Вільні, але сёлета арганізатары вырашылі звярнуцца да новай глядацкай аўдыторыі.

Да «Стральцоўскага фестывалю» Фонд Kamunikat.org падрыхтаваў два паэтычныя выданні.

Якраз сёння выйшаў новы зборнік вершаў Валянціны Аксак «Вячэра з чужым каханкам». Пасля кнігі «Уцёкі з Палесся» (2023) гэта ўжо другая кніга аўтаркі, якую выдае Фонд Kamunikat.org.

Новая кніга Валянціны Аксак у некаторых чытачоў можа выклікаць жаданне падкінуць паленца ў вогнішча пад аўтаркаю. Або звярнуцца да славутага полацкага ката Бальтазара, каб той нагайстрыў сякеру. Чытачы з інквізіцыі, без сумневу, так бы і зрабілі. Паэтку, якая ўявіла сябе на каленях у Хрыста, у нашы дні закон дазваляе пакінуць жывой. Спаліць можна хіба што яе творы — тыя, што, на думку абураных, выходзяць за межы цноты, бо аўтарка вячэрае — і не толькі — з чужым каханкам. І ўсё ж дзеля справядлівага выраку варта ўважліва прачытаць напісанае між радкамі гэтай кнігі.

Валянціна Аксак нарадзілася на Нясвіжчыне, жыве ў Мінску. Аўтарка паэтычных кніг «Цвінтар», «Капліца», «Антычны дождж», «Віно з Каліфорніі», «Ружоўніца», «Дзікая сліва», «Завінены рай», «Кава ў арліным гняздзе», «Трэці Эдэм»«Уцёкі з Палесся». Яе вершы выходзілі ў перакладах на шведскую, літоўскую, польскую, расійскую, французскую, украінскую, англійскую, дацкую, іспанскую, румынскую, фінскую і італьянскую мовы.

Фонд Kamunikat.org працягваючы таксама серыю «Паэты планеты». Пасля кніг Уладзіміра Арлова («Выбраная лірыка»), Андрэя Хадановіча («Вершы») і Уладзіміра Някляева («Перавыбранае»), да Стральцоўскага фестывалю выдаў зборнік выбітнай паэткі маладога пакалення Насты Кудасавай «Лірыка». У адрэдргаваную Андрэям Хадановічам кнігу сабрана 100 вершаўад тэкстаў 2001 года да найноўшых твораў.

Наста Кудасава — адна з найвядомейшых паэтак сучаснай беларускай літаратуры. Яе творчасць спалучае вернасць класічнай форме са смелай вобразнасцю і выключнай чуласцю да слова. Кнігі вершаў «Маё невымаўля» і «Побач» прынеслі аўтарцы прэстыжныя літаратурныя ўзнагароды і шырокую чытацкую любоў. Нарадзілася ў Рагачове, жыве ў Гдыні.

Да сустрэчы на паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» ў Варшаве:
15.10–15.50. Прэзентацыя новай кнігі вершаў Валянціны Аксак «Вячэра з чужым каханкам»
17.40–18.20. Творчая сустрэча з Настай Кудасавай. Прэзентацыя новай кнігі выбранага «Лірыка»


Крыніца: Kamunikat.org