Выдадзеная Камунікатам навуковая манаграфія пра БНР трапіла ў спіс забароненых у Беларусі кніг


Міністэрства інфармацыі дадало ў спіс забароненых у Беларусі яшчэ 52 кнігі. У гэты пералік трапіла сярод іншага кніга гісторыка з Польшчы Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918‑1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

Рашэнне аб забароне кніг прыняла рэспубліканская камісія па правядзенні ацэнкі сімволікі, атрыбутыкі, інфармацыйнай прадукцыі.

«Усе гэтыя выданні здольныя нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам нашай краіны», — заяўляе Мінінфарм.
Кніга Дароты Міхалюк пра БНР — чыста навуковае выданне, яго аўтарка нарадзілася і жыве ды працуе ў Польшчы, хоць і паходзіць з беларусаў Падляшша. Яе манаграфія выйшла па-польску ў выдавецтве Торуньскага ўніверсітэта ў 2010 годзе, а ў перакладзе на беларускую мову — у 2015-м. Сёлета другое выданне беларускамоўнай версіі гэтай кнігі ў Беластоку выдаў Фонд Kamunikat.org.

Акрамя кнігі Міхалюк у спіс гэтым разам трапілі тры раманы расійскага пісьменніка Уладзіміра Сарокіна, некалькі раманаў Уільяма Бероўза, цыкл «пілатажы» Баяна Шыранава.

Калі гэтыя кнігі будуць выяўленыя ў продажы, Міністэрства пагражае ануляваць дзяржаўную рэгістрацыю выдаўца або распаўсюдніка, у адпаведнасці з законам «Аб выдавецкай справе».

Крыніца: Наша Ніва