Валянціна Андрэева: Нацыянальная задача — акуратна перачытаць усю беларускую літаратуру савецкага часу


«Караткевічу было гранічна важна, што ён беларус, гранічна важна, што ён з Падняпроўя. Ён расказваў пра сваіх людзей. Караткевічу было важна апяяць свой край. І ён гэта рабіў у рамане спрэс і ўсюды, а рэдактары гэта выкрэслівалі і рабілі Караткевіча нічыйным», — кажа рэдактарка новага выдання «Каласоў пад сярпом тваім», заснавальніца выдавецтва «Гутэнберг Паблішэр» Валянціна Андрэева.

Напрыканцы лістапада Фонд Kamunikat.org паведаміў, што з нагоды 95-гадовага юбілею Уладзіміра Караткевіча выходзіць новае выданне «Каласоў пад сярпом тваім». «Сёння асоба пісьменніка не меней важная для нас, чымсьці павароты сюжэта. І калі мы бяром у рукі кнігу, мы хочам чуць голас аўтара без шоргату цэнзарскага алоўка, — гаварылася ў анонсе выдання. — За межамі Беларусі раман па-беларуску выходзіць упершыню. У гэтым выданні мы публікуем менавіта той тэкст, за які аўтар змагаўся пры жыцці, здымаючы праўкі, зробленыя для выдання 1968 года».

Так будзе выглядаць новае выданне «Каласоў пад сярпом тваім»

Рэдактарка новага выдання Валянціна Андрэева ў інтэрв’ю Budzma.org заўважае, што ёй не надта падабаюцца загалоўкі кшталту «непадцэнзурнае выданне» ці «першае непадцэнзурнае выданне».

— Гэта важная акалічнасць. Канечне, вельмі прывабная назва, гучны загаловак: «непадцэнзурнае выданне». Але з пункту гледжання літаратуразнаўства яна не вельмі карэктная і не зусім адлюстроўвае самі працэсы. Яе можна так, канечне, пакінуць, але яна недастаткова поўная, яна робіць усё чорна-белым і не адлюстроўвае тонкасцяў. І калі ўсё завастраць і даводзіць да кантрасту, то гэта не першае выданне.

Гэты раман выйшаў ужо ў такой версіі, якую сам аўтар апрацаваў і падрыхтаваў да друку, зняўшы большасць правак, з якімі ён быў нязгодны, у 2014 годзе ў «Мастацкай літаратуры» ў зборы твораў у 25 тамах. Ужо там «Каласы» былі надрукаваныя аб’ёмам на чвэрць большым у параўнанні з ранейшымі выданнямі і, канечне, з выданнем 1968 года. І ўжо там была вернутая большасць фрагментаў гэтага рамана з выкрэсліваннем якіх аўтар быў нязгодны. Нічога «ад сябе» ў рамане не з’явілася.

— Дык а ў чым тады адметнасць выдання 2025 года?

— Іншая справа, што тую публікацыю 2014 года, якую таксама рыхтавала я, быўшы яшчэ аспіранткай, я рыхтавала ў адпаведнасці з усімі нормамі, з усімі законамі тэксталогіі, адмысловай навукі, якая займаецца падрыхтоўкай да выдання тэкстаў аўтараў, якія ўжо не з намі. Аднак жа я была ўсё ж такім маладым даследчыкам і сапраўды трымалася ўсіх норм старэйшых калег, навукоўцаў і імкнулася дастаткова строга ісці за тым тэкстам, які захаваўся і быў вызначаны як апошні аўтарскі белавік рамана. Аднак жа сёння, ужо праз 11 гадоў пасля таго выдання, я разумею, што аўтар, нават здымаючы чужыя праўкі і ствараючы нейкі альтэрнатыўны белавік рамана, заставаўся пад уладай сваёй эпохі. Адна справа — цэнзура, а іншая — аўтацэнзура.

Валянціна Андрэева. Фота з асабістага архіву

А яшчэ ёсць пытанне прыняцця і разумення сваёй уласнай рацыі, таго, на што ты маеш права як аўтар, а на што не маеш права. Караткевіча моцна патрапалі крытыкай рамана і працай над раманам. Хоць ён і быў дастаткова адчайны, рамантычны, жарсны і моцна верыў у сваю зорку, у тое, як ён бачыць раман, гэта больш важна, чым нейкія нормы.

Тым не менш ён разумеў, што тэксту трэба выйсці. І ягоны калега і сябар Адам Мальдзіс яго ў гэтым жа ж і пераконваў: тэкст мусіць выйсці. Адпаведна, ёсць месцы, у якіх ён згадзіўся, хутчэй, з праўкамі, прыняў іх як непазбежнае меншае зло ў параўнанні з тым, што не паправіць і раман увогуле не выйдзе ў поўнай версіі.

Гэтых месцаў не так шмат. Абсалютна пэўна, што раман не губляе сваёй каштоўнасці ў той версіі, якую падрыхтавалі Караткевіч з Мальдзісам. І нават у версіі 1968 года ён усё адно застаецца каштоўным і нацыяўтваральным.

Аднак жа мы жывём у годзе 2025-м, мы ўжо можам паглядзець на гэты тэкст і на асобу Караткевіча як на асобу класіка, на асобу самага любімага беларускага пісьменніка. І мы можам зірнуць на яго мову, на яго фразы, на тыя сцэны, якія ён апісвае, ужо не вачыма літаратурнага рэдактара 1960-х, а вачыма беларусаў, якія гэты раман палюбілі і прызналі, што Караткевіч — геній.

 Раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім», выданне 1968 года. Фота: ay.by

— У чым палягалі тагачасныя праўкі?

— Калі мы паглядзім на раман і на яго першую версію, на рукапіс рамана, то можам знайсці ў гэтым рукапісе моманты, словы, сцэны, якія ў 1960-я гады не маглі трапіць у кнігу. Бо так было не прынята, бо была пэўная моўная палітыка ў Савецкім Саюзе, бо быў аўтарытэт старэйшых таварышаў, якія лічылі Караткевіча яшчэ занадта маладым аўтарам, які яшчэ не ў той катэгорыі, калі варта сачыць за кожным яго словам, калі важна цаніць кожную сцэну, якую ён апісаў, калі абавязкова паляваць на нейкія мастацкія вобразы, якія нарадзіліся ў галаве гэтага чалавека. А мы сёння можам паглядзець на гэта ўсё — і ўбачыць, што ў гэтым рамане было крыху больш, чым засталося ў выніку.

Я тут не кажу пра апраўданыя праўкі, якія тады зрабілі рэдактары, іх вельмі шмат, і яны сапраўды пайшлі на карысць раману, я кажу пра нейкія невялікія моманты, якія ў выніку з часам трапілі нават у корпус беларускай мовы і сталі ўплываць на беларускую мову ў будучыні. А насамрэч з’яўляюцца не творчасцю і не моўнай характарыстыкай Уладзіміра Караткевіча, а прыўнесеныя рэдактарамі ў 1960-х. Магчыма, для кагосьці гэта дробязі — многім чытачам цалкам дастаткова прачытаць раман нават у выданні 1968 года. Але для іншых можа нешта знайсціся.

Ну вось такі вельмі тонкі моўны прыклад. У яго ёсць такая сцэна, калі хлопцы пасвяць коней і размаўляюць пра тое, што трэба рыбы дзеду занесці, які не пабаяўся ахрысціць душу, што лётала на раздарожжы. І яны кажуць: «Скажы, што цябе хутка ў падлеткі стрыгчы будуць — і ты грахі павінен акупляць». І вось гэтае слова «акупляць». Калі мы яго пашукаем у корпусе, то знойдзем толькі адзіны выпадак ужывання такога слова «акупляць» — у гэтым жа рамане «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча. Але ў рукапісе: і ты грахі павінен выкупляць. Так напісаў Караткевіч. І калі мы пашукаем у корпусе беларускай мовы слова «выкупляць», то «выкупляць» пісалі ўсе — і Колас, і Купала, і Зарэцкі, і ўсе на свеце. То-бок такое ўмяшальніцтва рэдактара з «акупляць» увяло ў беларускую мову слова, якога фактычна ні ў кога не было з класікаў. Такі вось маленькі прыклад, які, аднак, паўплываў на нашу мову.

Ці вось слова «капіяваць». У савецкі час ды і пасля яшчэ слова «капіяваць» не магло з’явіцца ў норме. Трэба «капіраваць», і кропка на гэтым! Аніякага «капіяваць», яно разглядалася як нешта па-за нормай, на «капіяваць» ва ўніверсітэце пачуеш: «дзе вы такога набраліся?» і г. д. Але, аказваецца, Караткевіч пісаў менавіта «капіяваць». І ўзнікае пытанне: як складаюцца слоўнікі? Слоўнікі складаюцца па творах пісьменнікаў, а па якіх творах? Па адрэдагаваных рэдактарамі.

І вось аказваецца, што пісьменнікі, магчыма, пісалі трохі іначай, чым нам здаецца. І, магчыма, некаторыя словы маюць болей правоў трапіць у слоўнік, чым нам падаецца.

Напрыклад, словы «застацца» і «астацца». У Караткевіча было пераважна «застацца» ў рамане, пасля рэдактары яму правілі на «астацца». Хаця Максім Лужанін пісаў, што гэтыя два словы нельга блытаць, што астацца — гэта пераважна пра адстаць, не дагнаць, а «застацца» — гэта ўжо менавіта пра затрымацца дзесьці асобна. Вось і гэта такі прыклад, калі рэдактары ўмешваліся, правілі, адчувалі сябе ў праве правіць і ў многіх выпадках мелі рацыю. Але сёння, калі паглядзець, мы маем нашмат больш інструментаў. Вядома, што ў 1960-х у рэдактараў не было магчымасцяў імгненна зазірнуць у корпус, пашукаць у інтэрнэце, пашукаць па тэкстах класікаў, сабраць адразу тут прыкладаў цэлы кош. А мы цяпер гэта можам і можам ад некаторых з’яў у беларускай мове, народжаных не пісьменнікамі, не творцамі, а менавіта рэдактарамі, з’яў родам з карэктарскай, пазбавіцца.

— Ці былі палітычныя моманты ў рэдагаванні?

— Канечне, былі. Асноўнае, і пра гэта казаў даследчык творчасці Караткевіча, укладальнік і рэдактар 25-томніка Пётр Жаўняровіч на нядаўняй лекцыі ў Мінску, што Караткевічу ўсюды выкрэслівалі «Беларусь», «беларускі», «беларускасць», ды ўсё, што падкрэслівала беларускае. Яны стараліся згладзіць, не выпячваць усё ягонае пра беларускасць. Калі ён піша пра дзяўчыну, што яна такая прыгожая — проста як узорная беларуска, то ў рэдактараў дзяўчына заставалася проста прыгожай. Або, калі кажацца «вам, беларусам, цяжэй за ўсё» ці «цяжкое спаткала беларусаў», то выкрэслівалі пра беларусаў — усіх, маўляў, спаткала, кагосьці спаткала, хоць і незразумела, каго менавіта.

А Караткевічу было гранічна важна, што ён беларус, гранічна важна, што ён з Падняпроўя. Ён расказваў пра сваіх людзей. Для Караткевіча было важна апяяць свой край. І ён гэта рабіў у рамане спрэс і ўсюды, а рэдактары гэта выкрэслівалі і рабілі Караткевіча нічыйным. Пажадана было без нацыянальных адметнасцяў.

Зразумела, быў і рэлігійны момант. Але адзначу, што правак, звязаных з рэлігіяй, з выкрэсліваннем нейкіх показак, згадак крыжа, нашмат менш у параўнанні з выкрэсліваннем нацыянальнага. Можа быць, і таму, што і Караткевічу гэта тэма была не такая дарагая, не так ён на яе ставіў ці рабіў акцэнт. А беларускасць для яго была перадусім.

Уладзімір Караткевіч

— Гэтае выданне ставіць кропку, што да версій раману?

— Важна сказаць, што праца не скончаная, новае выданне не значыць, што гэты варыянт рамана самы апошні, бо твор вельмі вялікі, аб’ёмны, у ім шмат чаго ёсць. Таму адной з задач, якія я сабе ставіла, гэта лепей не змяніць, не вярнуць, чым зрабіць глупства. Таму тое, што я вярнула ў гэтым новым выданні, гэта моманты, у якіх я ўпэўненая. А яшчэ застаюцца месцы, для якіх патрабуецца больш глыбокі літаратурны аналіз дзённікаў, абставін жыцця пісьменніка, гістарычных рэалій таго часу. Што Караткевіч чытаў падчас таго, як пісаў раман, дзе ён мог гэта прачытаць, чаму менавіта ён так напісаў, а не іначай. Яшчэ шмат працы чакае.

— А іншыя творы Караткевіча ці іншых аўтараў тых часоў? Можа, патрэбна і іх прачытаць без цэнзуры?

— Я лічу, што гэта наша нацыянальная задача. Задача беларусаў-інтэлектуалаў паступова, акуратна, без панікі і кідання ў скрайнасці, без падыходу варварскага перачытаць усю беларускую літаратуру савецкага часу. Паглядзець, што пісалі аўтары, што яны замаўчалі самі. Канечне, гэтага мы ніколі і не адновім, але паглядзець, што яны запісалі ў сваім рукапісе, у чарнавіку, а пасля выкраслілі ці самастойна, ці пад уплывам рэдактараў для кніжных публікацый, — мы мусім усё гэта знайсці.

І калі чалавек, які будзе займацца тэксталогіяй такога твора, крытыкай, палічыць, што твор губляе без гэтай фразы, без гэтай сцэны, то гэта трэба вярнуць у нашу літаратуру. Тады мы будзем лепей бачыць іх творы, у нейкім сэнсе вызвалімся яшчэ на нейкую цалю ад уплыву савецкага часу. Што праўда, гэта вельмі вялікая праца.

Рыгор Сапежынскі, budzma.org
Крыніца: Будзьма беларусамі!