Удзел Камуніката ў сёлетнім Фестывалі PRADMOVA закончыць on-line сустрэча з Яраславам Іванюком


Сёлетні Міжнародны Фестываль Інтэлектуальнай Кнігі PRADMOVA праходзіў пад лозунгам «Птушкі бяз гнёздаў», які адсылаў нас да асобы Ларысы Геніюш — сімвала нязломнасці і вернасці сваім ідэалам. Гэта менавіта Фонд Kamunikat.org у 2025 годзе разам з Цэнтрам Беларускай Культуры ў Беластоку выдаў успаміны Ларысы Геніюш пад такім загалоўкам на беларускай і польскай мовах. «Жылі мы з дня на дзень, вечныя чужынцы, птушкі бяз гнёздаў, у якіх надзея была толькі на Бога» - пісала ва ўспамінах Ларыса Антонаўна.

Сёлета Фонд Kamunikat.org наведаў усе гарады, у якіх праходзіў Міжнародны Фестываль Інтэлектуальнай Кнігі PRADMOVA.

У Вільні мы арганізавалі сустрэчу з Змітром Бартосікам «Ці магчыма беларусу перарасці свае даўнія страхі?» Аўтар кнігі з серыі Бібліятэка Свабоды «Забіць упалмінзага» расказаў пра ўзброены стыхійны супраціў сялян падчас пасляваеннай калектывізацыі і саветызацыі ў кнізе .

Акрамя таго, Зміцер Бартосік распавёў таксама невядомыя гісторыі часоў савецкай і нямецкай акупацыі, якія ўвайшлі ў кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы». У 2017 годзе гэтая кніга была ўганараваная Прэміяй Ежы Гедройца. Сёлета яе перавыдаў Фонд Kamunikat.org.

Мы таксама прэзентавалі культавую кнігу Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду». У гэтай сустрэчы разам з аўтарам узялі ўдзел і сустваральнікі «Майстроўні»Вінцук Вячорка, Сяргей Харэўскі і Сяргей Шупа.

Фонд Kamunikat.org у гэтым годзе перавыдаў гэтую кнігу, якую некаторыя называюць расповедам «як калядаванне прывяло да незалежнасуі».

Ня менш актыўны быў наш удзел у Фестывалі PRADMOVA ў Празе. 

Пражскую частку інаўгуравала дыскусія паводле кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста пяты» - «Ці мела Беларусь шанец вырвацца з арбіты Расеі і пайсці па шляху дэмакратыі пасля аднаўлення Незалежнасці?» Яе ўдзельнікамі былі: Сяргей Навумчык, аўтар цыкла кніг па найноўшай гісторыі Беларусі, апошняя – трэцяе перавыданне кнігі «Дзевяноста пяты» у выдавецтве Kamunikat.org, лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча Беларускага ПЭНа, і доктар гістарычных навук, лаўрэат прэміі Гедройця Сяргей Абламейка.

Апрача гэтага ў Празе са сваёй новай кнігай пра Лі Харві Освальда выступіў Аляксандр Лукашук. Ён ужо 35 гадоў даследуе жыццё забойцы прэзідэнта Джона Кенэдзі ў Савецкім Саюзе і яго ўплыў на самае значнае забойства XX стагоддзя.

У 
выдадзеную Фондам Kamunikat.org кнігу «Гульня ў Освальда. Quest» увайшлі новыя матэрыялы, рассакрэчаныя адміністрацыяй Трампа, інтэрв’ю з Норманам Мэйлерам і транскрыпты падслушкі КДБ.

Не без нас адбылася таксама PRADMOVA ў Познані, дзе пра свае кнігі «Забіць упалмінзага» і «Быў у пана верабейка гаварушчы» распавёў Зміцер Бартосік

Новую кнігу кароткай іранічнай прозы «Мы ідзём на Марш!» прэзентаваў Севярын Квяткоўскі. Гэта гісторыі ўзятыя з жыцця беларусаў ад пачатку 1990-х і да моманту зліцця людзей у адно бясконцае мора радасці свабоды ў 2020 годзе. 

Пра працу над другой часткай кнігі «Імёны Свободы» расказаў Уладзімір Арлоў. У кнізе, таксама як і ў выдадзенай Камунікатам першай частцы, будзе тры раздзелы: «Да Беларусі» (1772 – 1918), «Дзеля Беларусі» (1918 – 1991), «У Беларусі» (1991 – 2025). Трапіць у яе 400 герояў і гераінь, жыццёвы шлях якіх ужо завяршыўся. 

Гэты расповяд Уладзіміра Арлова пра гісторыю стварэння кнігі ў супрацы з Фондам Kamunikat.org, творчыя вандроўкі ў беларускія дыяспары 15 краін і адкрыццё новых герояў трапіў таксама ў праграму варшаўскай PRADMOVY.

Моцным акцэнтам варшаўскай PRADMOVY была таксама сустрэча з былым амбасадарам Польшчы ў Менску Лешэкам Шэрэпкам аўтарам палітычнага трылера «Беларускі снайпер», ўтрыманага ў стылі найлепшых твораў Тома Клэнсі і Роберта Ладлума. Гэты раман выдатна адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасць, а таму дазваляе глыбей зразумець як сутнасць аўтарытарнага рэжыму, так і матывы тых, хто наважваецца рызыкаваць жыццём, каб яго перамагчы.

У Варшаве мы таксама двойчы прэзентавалі кнігу  Сяргея Дубаўца «Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду».

Найперш з канцэртам «Беларуская Майстроўня – паветраны шар беларускай незалежнасці» выступіў Лявон Вольскі, які таксама падзяліўся са слухачамі сваімі ўспамінамі пра «Майстроўню». А на канец пра беларускае адраджэнне ў 80-я гады ХХ стагоддзя расказау яшчэ Сяргей Шупа.

Цяпер прыйшоў час на PRADMOVU on-line. 

У сераду 10 снежня 2025 а 17:00 Кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк раскажа між іншым:
- як стваралася Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org
- чаму ў 2000 годзе ў яго нарадзілася двое дзяцей
- якія былі галоўныя кірункі развіцця калісьці і цяпер
- што змянілася ў працы пасля 2020 году

Задумаецца:
- чаму прапаганда рэжыму Лукашэнкі называе яго «беглым» ці «этнічным палякам»
- чаму ў 2023 годзе рэжымнае «міністэрства прапаганды і дэзінфармацыі» заблакавала сайт бібліятэкі у Беларусі а ў 2025 прызнала Камунікат і яго сацыяльныя сеткі «экстрэмісцкімі»

Ды ўрэшце - адкажа на пытанне навошта ён усё гэты робіць! :)

Сумаваць не давядзецца!


Запрашаем на
YouTube-канал Міжнароднага Фестывалю Інтэлектуальнай Кнігі PRADMOVA
10 снежня 2025, серада
17:00 - 18:00


Вось так мы і адзначаем юбілей 25-ці годдзя Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Kamunikat.org!
Крыніца: Kamunikat.org