Беларускія кнігі ў Любліне падчас тэатральнага фэсту


З 8 па 12 снежня ў Любліне пройдзе чарговы фестываль «Bliski Wschód» (Блізкі ўсход), які гэтым разам амаль цалкам будзе прысвечаны беларускай незалежнай тэатральнай супольнасці і перадусім згуртаванню «Вольныя Купалаўцы». Таксама ў межах фэсту 13 снежня (субота) пройдзе кніжны кірмаш ад фонда «Камунікат».

Кнігі беларускіх аўтараў па-беларуску і ў перакладах на польскую мову можна будзе набыць у Цэнтры культуры 13 снежня (субота) з 15.00 да 20.00. Упершыню ў Люблін завітае з багатым асартыментам выданняў фонд «Камунікат», які святкуе сёлета 25-годдзе. Добрая нагода купіць кнігі сабе і на калядныя падарункі знаёмым і блізкім.

На фестывалі адзначаць пяцігоддзе «Вольных Купалаўцаў» як падпольнай тэатральнай групы — сем дзён паказаў спектакляў, інтэнсіўных размоў і абмену досведам для творцаў, якія штодня працуюць у экстрэмальных акалічнасцях.


У праграме сярод іншага пакажуць спектакль «Зэкамерон» паводле кнігі Максіма Знака, «Экстрымісты» паводле твору Юлі Цімафеевай, «Камедыя Юдзіфі» паводле п’есы Сяргея Кавалёва і многае іншае.

8 снежня пройдзе аўтарская сустрэча з паэткай і перакладчыцай Юляй Цімафеевай, 9-га — прэзентацыя польскага перакладу кнігі Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?», 12-га спатканне з драматургам Сяргеем Кавалёвым, а таксама многае іншае. 

На ўсе мерапрыемствы фестывалю ўваход бясплатны. Поўную праграму глядзіце па спасылцы.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў