Камунікат на Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве


Фонд Kamunikat.org традыцыйна прыме ўдзел у Гістарычным кніжным кірмашы ў Варшаве, які арганізуе Фундацыя «Гісторыя і Культура»

Нашы кнігі будуць даступныя ад 27 да 30 лістапада 2025 года на стэндзе № 75 (Warszawski Zamek Królewski, Arkady Kubickiego, plac Zamkowy 4, wejście od ul. Grodzkiej).

14:00 - 18:00 (чацвер)
10:00 - 18:00 (пятніца)
10:00 - 18:00 (субота)
10:00 - 17:00 (нядзеля)


На Гістарычным кніжным кірмашы выступяць таксама нашыя аўтары.

Дарота Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці»

Scena Forum, Arkady Kubickiego, Zamek Królewski w Warszawie
28 лістапада  15:00–15:50

Кніга прафесар Дароты Міхалюк
— адна з найважнейшых сучасных прац пра зараджэнне беларускай дзяржаўнасці. Гэта даследаванне, якое змяніла падыход гісторыкаў да разумення БНР і зламала стэрэатып, што беларускую дзяржаўнасць нібыта «стварылі бальшавікі».

Як піша гісторык Яўген Міронавіч, у сваёй працы Дарота Міхалюк «скрушыла моцна ўсталяваны міф пра бальшавіцкае паходжанне сучаснай беларускай дзяржаўнасці». 

«Беларуская Народная Рэспубліка. 1918–1920 гг.» — гэта глыбокая, дакументальная гісторыя таго, як беларускія палітычныя эліты спрабавалі стварыць суверэнную дзяржаву ва ўмовах вайны, калапсу імперыі, складаных адносін з Польшчай, Літвой і Украінай.

Дарота Міхалюк распавядзе пра тое як нараджалася ідэя незалежнасці; чаму БНР стала вынікам не толькі «антырасійскай» пазіцыі, але і няўдалых перамоў з Польшчай, Літвой і Украінай; хто былі людзі, якія стваралі беларускую дыпламатыю; як у 1918–1920 гг. выглядала беларуская палітычная сцэна; чаму падзеі таго часу да сёння ўплываюць на наша разуменне беларускай ідэнтычнасці.

Прафесар Дарота Міхалюк — даследчыца гісторыі Беларусі, Усходняй Еўропы і нацыянальных рухаў. Яна працуе на факультэце гістарычных навук Універсітэта Мікалая Каперніка ў Торуні і з’яўляецца аўтаркай дзясяткаў артыкулаў, манаграфій і навуковых праектаў. 

Яе даследаванні ахопліваюць: гісторыю Беларусі першай паловы ХХ ст.; працэсы фармавання дзяржаўнасці; нацыянальныя рухі; пачаткі беларускай і ўкраінскай дыпламатыі; гісторыю Падляшша і беларусаў у рэгіёне.

Гэта даследчыца, якая сапраўды адкрыла тэму БНР у новым святле і зрабіла яе даступнай шырокай аўдыторыі.

Дарота Міхалюк будзе таксама падпісваць сваю кнігу 28 лістапада, 16:00–17:00 

30 лістапада, 12:00–13:00 і 14:00–15:00 свае кнігі на Гістарычным кніжным кірмашы на стэндзе № 75 будзе таксама падпісваць вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў.

Можна будзе набыць кнігі:
«Айчына. Маляўнічая гісторыя. Ад Рагнеды да Касцюшкі»
«Айчына. Ад Агінскага да Багушэвіча»
«Імёны Свабоды»
«Ордэн Белай Мышы»
«Танцы над горадам»
і іншыя

Крыніца: Kamunikat.org