Беларуская мова праз гульню — місія выдавецтва «Гутэнберг» у эміграцыі


Ужо трэці год у Кракаве працуе беларускае выдавецтва Gutenberg Publisher, якое не толькі выдае кнігі, але і стварае беларускія настольныя гульні. Галоўная рэдактарка Валянціна Андрэева кажа, што гульні — гэта спосаб вярнуць беларускую мову ў паўсядзённасць.

Яна адзначае, што гульні — дарагія праекты, інвестыцыі ў іх супастаўныя з выданнем некалькіх кніг. Але для выдавецтва гэта важна, бо беларусам у эміграцыі не стае «жывой» мовы.

З галоўным рэдактарам выдавецтва Валянцінай Андрэевай мы пагутарылі пра дзіцячую літаратуру, пра значэнне электроннай кніжкі, пра пазлы і настольныя гульні.

Валянціна Андрэева: Нашы гульні — гэта такі штуршок, каб паразмаўляць, пагуляць, пакомунікаваць і засвоіць новыя словы, якія потым выкарыстоўваюцца ў паўсядзённым жыцці. Яны натуральна ўпісваюцца ў сямейнае жыццё, нават калі сям’я яшчэ не гаворыць па-беларуску ўвесь час.

Мы стараемся развіваць гэты кірунак, хоць ён вельмі дарагі. Шчыра кажучы, інвестыцыі ў адзін праект параўнальныя з выданнем некалькіх кніг.


— Гутэнберг спрабуе прадаваць электронныя кнігі?


— Так, у нас ёсць некалькі такіх кніг, якія прадаюцца праз Google Books і Kobo. Але гэта пакуль эксперыментальны праект. У планах — стварыць на сайце раздзел з электроннымі кнігамі, перавесці ў электронны фармат увесь наш выдавецкі партфель і зрабіць яго зручным для чытачоў.

На гэта патрэбны рэсурс, якога пакуль няма, але мы шукаем. Андрэй Янушкевіч кажа, што продаж электронных кніг — гэта невялікі працэнт ад усіх продажаў.


— Ці варта тады ў гэта інвеставаць?


Варта, бо беларусы, па-першае, у Беларусі павінны мець доступ да беларускіх кніг. Нават калі людзей будзе мала, усё роўна гэта трэба рабіць.

Беларусы, якія жывуць далёка за акіянам — у Аўстраліі, Паўднёвай Амерыцы, куды пошта даходзіць складана — для нас гэта маральны абавязак. Мы тут не дзеля заробку. Калі б хацелі толькі зарабляць, напэўна, займаліся б чымсьці больш прыбытковым.

Мы працуем з літаратурай, ідэямі, супольнасцю, якая ўтвараецца на базе гэтых ідэй. Кожны чытач мае значэнне і сэнс. 

Мастацкая літаратура для дарослых, электронныя кнігі, настольныя гульні, пазлы — і, вядома, дзіцячыя кнігі.

Нядаўна я палічыла: за два з паловай гады мы выдалі шаснаццаць дзіцячых кніг. Хіба гэта не ўражвае? У нас ёсць кнігі для ўсіх узростаў — ад самых маленькіх да падлеткаў.

У хуткім часе прэзентуем кнігу для самых маленькіх 0+, кнігу для купання — такога фармату яшчэ не было ў беларускай літаратуры. Гэта мая любімая сфера, і хочацца, каб яна развівалася. Але ёсць пытанні: многія ў эміграцыі не разумеюць, што на паліцы дзіцяці павінна быць шмат розных кніг. Дзіця не заўсёды можа самастойна выбраць кніжку — на яго ўплываюць розныя фактары.

Яму можа быць сумна, яно крыўдзіцца на маму, бо мама не дала тэлефон, і не можа прыняць рашэнне, якую кніжку чытаць. Таму дарослыя павінны дапамагаць. Каб свет быў разнастайным, каб дзіця ведала розныя культуры, мовы і погляды на жыццё, на паліцы павінны быць кнігі на розных мовах, у тым ліку на беларускай.

Да прыкладу, сёння можна паслухаць казку на беларускай, заўтра — на польскай, паслязаўтра — на ангельскай. Калі даем дзіцяці такое акно магчымасцей, яно атрымлівае ўнікальны досвед, які дарослыя не могуць даць. Мову яно выбярэ самастойна, а адкрытасць і крэатыўнасць атрымлівае дзякуючы розным кнігам на паліцы.


— Валянціна, вы згадалі кнігу для купання. А што яшчэ?


Настольныя гульні, пазлы, і, вядома, мы заўсёды стараемся здзівіць чытача. Нядаўна выйшла серыя кніжак з налепкамі, якіх у нас мала. Таксама папулярная серыя кардонных кніжак. І яшчэ сёлета мы выпусцім «Гісторыю пра крата» 
— для дзяцей, якія хочуць даведацца, хто нарабіў яму на галаву .

Мы шукаем сучасныя крэатыўныя фарматы, што адпавядаюць сусветным трэндам. Гэта наш дэвіз, наша місія. Беларуская кніга ні чым не горшая за кнігу на любой іншай мове. Усё павінна быць найлепшым.


 Крэатыў будзе, але без дапамогі штучнага інтэлекту, як самі дэкларуеце на вокладках. 

Штучны інтэлект выкарыстоўваем для рутынных задач, але творчасць — за чалавекам. Мы шануем кожнага, з кім працуем. Кожнаму патрэбна самарэалізацыя і грошы, каб жыць.

Чытачы, бачачы чалавека за кнігай або праектам, адчуваюць гэта як нешта роднае, створанае для іх. Калі праект створаны штучным інтэлектам, нават з укладаннем дызайнера, гэта ўсё роўна холадна. Таму мы стараемся гэтага пазбягаць. Наш знак падкрэслівае: мы людзі, у нас ёсць раскоша займацца творчасцю і атрымліваць задавальненне ад працы.
Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё