Першая частка сёлетняга Фестывалю інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» закончылася


Фестываль інтэлектуальнай кнігі «Прадмова» спачатку праходзіў у Беларусі. Усё змянілася ў 2020 годзе, калі пасля так званых прэзідэнцкіх выбараў і хвалі рэпрэсій супраць усяго, што беларускае, радзіму пакінулі сотні і тысячы беларускіх інтэлектуалаў, пісьменнікаў, мастакоў ці акцёраў ды наагул творчых людзей.

Арганізацыйны камітэт «Прадмовы» вырашыў праводзіць фестываль у эміграцыі. Сёлета гэта — чатыры гарады ў трох краінах. Падчас мінулых выходных беларускія літаратары і кнігавыдаўцы сустрэліся ў Вільні.
Лозунг сёлетняга фестывалю вельмі сімвалічны — «Птушкі без гнёздаў» — загаловак успамінаў Ларысы Геніюш, беларускай паэткі, якая, як і сотні тысяч сучасных беларусаў, спазнала лёс эмігранта.

Як прызнаецца Ліля Ілюшына з аргкамітэта фестывалю, хаця «Прадмова» наведвае Вільню ўжо ў чацвёрты раз, такой багатай праграмы яшчэ не было — фестываль доўжыўся тры дні, а не як звычайна два, і праходзіў на двух пляцоўках. Гэта, безумоўна, быў арганізацыйны і лагістычны выклік для каманды «Прадмовы».

«Фестываль Прадмова мае такую традыцыю: мы прымаем заяўкі, абвяшчаем open call, звяртаемся да аўтараў, збіраем прапановы, але значную частку праграмы робім самастойна — ствараем дыскусіі або запрашаем лектараў — гаворыць Ліля Ілюшына Сёлета магчымасці былі абмежаваныя, бо колькасць заяўак — і на Вільню, і на іншыя гарады — была велізарная. На жаль, не ўсе змаглі трапіць у праграму. Вельмі шкада, бо хочацца, каб як мага больш аўтараў выступілі са сваімі прэзентацыямі і каб можна было распавесці пра як мага больш кніг.

Што да Віленскай Прадмовы, то сама падзея ўжо з’яўляецца моцным пунктам фестывалю. Не хачу вылучаць асобныя імпрэзы — мне ўсё падаецца надзвычай цікавым. Кожны можа знайсці нешта на свой густ, бо Прадмова — гэта мультыжанравы фестываль, які працуе ў розных галінах.

Асабліва запомнілася прэзентацыя хзіна «Памылка» — унікальны для беларускага кантэксту праект, прысвечаны навуковай тэрміналогіі і артыкулам па-беларуску. Таксама былі філасофскія дыскусіі, паэтычныя сустрэчы, прэзентацыя кнігі «Майстроўня» з удзелам яе заснавальнікаў — Шупы, Харэўскага і Вячоркі.


Развіццё фестывалю ў эміграцыі

— Ці можна сказаць, што Прадмова хутчэй развіваецца ў эміграцыі? 

Гэта складанае пытанне. Не хачу ні залішняга аптымізму, ні песімізму. Тое, што фестываль трымаецца і што ёсць шмат заявак, — ужо добра. У Польшчы праводзіцца шмат беларускіх фестываляў, і гэта стварае пэўную канкурэнцыю, але гэта карысна — бо чым больш імпрэзаў, тым лепш для гледачоў і аўдыторыі.

На жаль, усё яшчэ балюча, што фестываль не можа адбыцца ў Беларусі.

Калі параўноўваць з першай Прадмовай, не ўсе ідэі таго часу сёння рэалізаваныя. Напрыклад, цяпер няма ларпа, які быў раней. Хацелася б вярнуць той дух і маштаб у будучыні — і ў Беларусі, і за мяжой.


Адметнасць “Прадмовы”


«Сярод беларускіх літаратурных імпрэзаў Прадмова цяпер, напэўна, самая маштабная — лічыць куратар віленскай часткі Фестывалю Ціхан Чарнякевіч з Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў. — Гэта такі беларускі незалежны кніжны кірмаш, які вандруе па гарадах. Бо ў Мінску пакуль немагчыма правесці падобнае свята, таму фестываль адбываецца там, дзе жыве беларуская дыяспара».

Акрамя сустрэч і прэзентацый, шмат імпрэзаў транслюецца ў інтэрнэце, каб іх маглі паглядзець людзі з усяго свету, у тым ліку з Беларусі. Сёлета упершыню ў Вільні паралельна працавалі дзве сцэны. Колькасць заявака павялічылася ўдвая, таму давялося скарачаць час некаторых выступаў. Але гэта добрая прыкмета — фестываль расце.

Крытычны погляд


Культуролаг Максім Жбанкоў адзначае, што Прадмова дазваляе ў канцэнтраванай форме ацаніць стан беларускай культурнай прасторы, убачыць, што яшчэ жыве і дзейнічае. Гэта важная, хоць і не бездакорная падзея, якая мае патэнцыял для развіцця.

Ён адначасова падкрэслівае, што фестывалю пакуль бракуе сапраўдных прэм’ер і ідэй, якія адказвалі б на выклікі часу. На яго думку, шмат тэкстаў і выступаў выглядаюць прадказальна, таму ў будучыні варта больш працаваць над павышэннем якасці і пошукам новых формаў.

Літаратурныя прэм’еры


Адна з прэзентацый у межах фестывалю — кніга Арцёма Шуканова “Пентаквантар”, напісаная ў жанры пост-кіберпанку. Аўтар адзначае, што твор закранае сучасныя тэмы — штучны інтэлект, філасофію свядомасці, рэлігію і веру. Гэта спроба эстэтычна асэнсаваць узаемаадносіны чалавека і тэхналогіі, паказаць, што нават апісанне машын і механізмаў можа быць прыгожым.

Публіка і дыяспара


Фестываль прыцягвае беларускую дыяспару — людзі хочуць слухаць пісьменнікаў, купляць кнігі, прыходзіць з дзецьмі. Ёсць дзіцячыя праграмы, тэатральныя пастаноўкі, канцэрты. Для беларусаў за мяжой гэта магчымасць адчуць сувязь з культурай і атрымаць эмацыйную падтрымку.

Дагэтуль Прадмова праводзілася ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Нямеччыне і Грузіі, але Ліля Ілюшына не выключае, што ў перспектыве — магчыма і ў ЗША, Канадзе, Вялікабрытаніі ці нават у Аўстраліі.
Крыніца: Polskie Radio Białystok, Пад знакам Пагоні