У Вільні адкрыўся фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA


VII Міжнародны фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA адкрыўся 10 кастрычніка ў Беларускім музеі імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Сёлета ён ладзіцца пад лозунгам «Птушкі без гнёздаў», які адсылае да асобы Ларысы Геніюш, якая стала сімвалам нязломнасці і вернасці сваім ідэалам.

Паводле прэс-сакратара Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў, каардынатара віленскай «Прадмовы» Ціхана Чарнякевіча, кожны лозунг фестываляў заўжды метафарычны.


- Нам падалося, што вось гэты час вельмі блізкі фестывалю, таму што мы ўсе існуем, мы ёсць, але з гнёздамі ў многіх праблема. І таму цытата з Ларысы Геніюш досыць адпавядае сучаснай літаратурна-культурнай і ўвогуле ўсёй беларускай сітуацыі. Мы спрабуем дзесьці ўсталявацца, але гнёзды нашы засталіся ў Беларусі.

Як кажа куратарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча Паўліна Вітушчанка, праграма «Прадмовы» вельмі інтэнсіўная:

- Гэтым разам праграма сапраўды разлічаная на кожнага гледача, на кожнага чытача. Там ёсць і для самых маленькіх спектакль, і канешне, для дарослых, кнігі розных густаў. І, канешне, нагода спаткацца з любімымі аўтарамі.


VII Міжнародны фестываль PRADMOVA пройдзе ў чатырох гарадах Еўропы — Вільні, Празе, Познані і Варшаве. У праграме фестывалю прэзентацыі кніг, дыскусіі, спектаклі, традыцыйная «Ноч паэіі» ды іншае.

Праграма фестывалю.

Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя