Пра «экстрэмізм» Камуніката ў перадачы «Пад знакам Пагоні»


Менскі гарадскі суд нядаўна прыняў рашэнне пра «экстрэмізм» вялікай колькасці інфармацыйных рэсурсаў і сацыяльных сетак ў інтэрнэце. Сярод іх — матэрыялы, якія на працягу 25-ці сабрала Беларуская Інтэрнэт Бібліятэка Kamunikat.org.

Зміцер Косцін:
Вядома, гэта можа здавацца жартам. Часам людзі паміж сабой кажуць: «О, я — экстрэміст». А як ты сябе адчуваеш з такой «латкай»?

Яраслаў Іванюк:
Гэта было б смешна, калі б не было жахліва. Бо калі рэжым пачынае баяцца культурніцкіх сайтаў, калі пачынае баяцца беларускай мовы і літаратуры, у тым ліку класікаў, якія прадстаўлены на Kamunikat.org, і прызнае такі рэсурс «экстрэмісцкім», — гэта проста жах.

Для мяне гэта не навіна, бо яшчэ ў 2023 годзе Міністэрства дэзінфармацыі і прапаганды, як я іх называю, заблакавала наш сайт у Беларусі. Але нашы сацыяльныя сеткі дагэтуль заставаліся даступнымі: YouTube-канал дзейнічаў, людзі карысталіся.

Цяпер жа, калі Kamunikat.org і яго старонкі ў Facebook, Twitter і Telegram прызналі «экстрэмісцкімі», гэта стварае рэальную пагрозу для карыстальнікаў у Беларусі. Многія, можа, нават не ведаюць, што гэта значыць — быць «экстрэмістам» у разуменні рэжыму.

— Так, і што цяпер будзе з тымі, хто карыстаецца Kamunikat.org у Беларусі?


— Уявіце сабе: у XXI стагоддзі чалавек можа атрымаць штраф толькі за тое, што паставіў «лайк» пад нашым допісам у сацсетцы. А калі, не дай Божа, нехта ў Беларусі зробіць рэпост або падзеліцца нашым матэрыялам, яго могуць арыштаваць на суткі.

Беларуская турма — гэта не жарты, нават калі гаворка пра суткі. Гэта адміністрацыйнае пакаранне, якое часта становіцца пачаткам крымінальнай справы.

— Але ўсё ж такі, што цяпер з самім Kamunikat.org?


Мы працягваем працу. Такое рашэнне суда ніяк не паўплывае на дзейнасць нашага фонду. Як і раней, займаемся адлічбоўкай беларускіх архіўных матэрыялаў, папаўняем бібліятэку новымі кнігамі і газетамі, выдаем кнігі і аўдыякнігі.

Нядаўна на нашым YouTube-канале з’явіўся раман Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» — 28 гадзін запісу, які можна паслухаць бясплатна. Свае галасы там аддалі Алег Гарбуз, Сяргей Чуб і Крысціна Дробыш.

Супрацоўнічаем з Цэнтрам усходніх даследаванняў імя Марка Карпа ў Варшаве, дзякуючы чаму ў нас з’яўляюцца адлічбаваныя архіўныя нумары беларускай прэсы 1990–2000-х гадоў.

Акрамя таго, рыхтуем новыя кнігі: нядаўна аддалі ў друк працу Аляксандра Лукашука «Гульня ў Освальда», перавыдалі кнігу Дароты Міхалюк «Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920 гг.: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

Да лістапада плануем выдаць зборнік «Каласы пад сярпом тваім» — да дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. І, вядома, рыхтуецца чацвёрты нумар альманаха «Апостраф».

Мы працягваем працаваць, нягледзячы на ўсе забароны. Бо голас беларускай літаратуры — гэта голас свабоды.

— Дзякуй вялікі, Яраслаў Іванюк, наш калега і госць перадачы.


—  Не разбіць! Не спыніць! Не стрымаць! Дзякуй і вам. Жыве Беларусь!

— Жыве!

Крыніца: Kamunikat.org