Павел Баркоўскі: Гэта вялікі ўдар па распаўсюду беларускай кнігі


Прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні АПК Павел Баркоўскі выказаў занепакоенасць у сувязі з прызнаннем беларускай анлайн-бібліятэкі Kamunikat «экстрэмісцкай».

Такое рашэнне Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятае 30 верасня 2025 года, мае сур’ёзныя наступствы для культурнага жыцця краіны.

Кажа Павел Баркоўскі:

– Прызнанне анлайн-бібліятэкі экстрэмісцкім матэрыялам – гэта вялікі ўдар па агулам распаўсюду беларускай кнігі. У такім выпадку людзі, якія знаходзяцца ў Беларусі, крыміналізуюцца нават калі яны проста туды заходзяць і спампоўваюць сабе нейкія выданні. Бачна, што ўлады зараз спрабуюць кантраляваць з большага ўсю медыйную прастору, але найбольш, канешне, іх цікавяць тыя выданні, якія так ці інакш уплываюць на развіццё моладзі.

Баркоўскі заклікае грамадства працягваць чытаць і карыстацца Kamunikat, падкрэсліваючы важнасць падтрымкі незалежнай беларускай літаратуры. Паводле яго, за апошнія гады ў Беларусі пад гэтую катэгорыю трапілі 176 выданняў, што сведчыць пра шырокую і сістэмную палітыку ідэалагічнай цэнзуры.

Цалкам матэрыял - у далучаным гукавым файле!

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя