Выдавецтва «Мяне няма» выпускае кнігу беларускай рэжысёркі Юліі Шатун — «Каждый видел этот город в каком-нибудь другом месте»


У беларускай рэжысёркі, сцэнарысткі, аўтаркі фільмаў «Заўтра», «Межы» Юліі Шатун выходзіць кніга «Каждый видел этот город в каком-нибудь другом месте». Незвычайнае выданне, якое ўтрымлівае 43 тэксты і 65 фотаздымкаў, публікуе выдавецтва «Мяне няма».

«Празаічная паэзія пра паэтызацыю прозы жыцця, па-майстэрску змантажаваная з кадрамі паўсядзённасці», — прадстаўляе кніжны «дэбют» Юліі Шатун каманда выдавецтва.

Фота: сацсеткі выдавецтва «Мяне няма».


Юлія Шатун — беларуская кінематаграфістка, аператарка, сцэнарыстка, адна з удзельніц руху «кончанае кіно» — кірунку, прыдуманага рэжысёрам Мікітай Лаўрэцкім у беларускім незалежным кінематографе. Па меркаванні яго ўдзельнікаў, у сітуацыі адсутнасці фінансавання, інфраструктуры і працоўнай беларускай кінаіндустрыі, кінатворцам варта не падладжвацца пад інснуючыя правілы, (якіх няма), а вынаходзіць сваю мастацкую сістэму каардынат, мадэль вытворчасці, якой кіруе эксперымент і пошук. Так, пэўным мастацкім маніфестам рэжысёраў руху стаў альманах «Драма» (2019).

Але ўключылася ў супольнасць эксперыментатараў Юлія Шатун пасля выхаду яе поўнаметражнага дэбюта — ігравой карціны «Заўтра», якая сталася падзеяй у беларускім кіно 2010-х і зрабіла яе аўтарку вядомай. Мікрабюджэтны фільм рэжысёркі з Мозыра быў адабраны ў конкурсную праграму «Маладосць на маршы» фестываля «Лістапад» у 2017 годзе, што стала прэцэдэнтам за ўсю гісторыю фэсту. Карціна далей мела і паспяховую міжнародную фестывальную гісторыю — у прыватнасці, атрымала некалькі прызоў на Марселькім кінафоруме.


Пасля «Заўтра» Юлія Шатун стварае «Апошні дзень гэтага лета» (2019), і дакументальна-ігравую стужку «Межы» (2019), таксама адзначаную на кінафестывалях.

Што ж будзе ў кнізе кінематаграфісткі?

Фота: сацсеткі выдавецтва «Мяне няма».

«Постпаэзія і калякіно», «рух словаў як фільм» — калісьці пісала пра тэксты літаратаркі і рэжысёркі «Літрадыё».

Юлія ўжо на працягу некалькіх гадоў вядзе паэтычны дзённік сваіх падарожжаў і назіранняў. Яна праявіла сябе і як фатографка — у 2023 годзе ў Познані адбывался выстава яе працаў пад назвай «Вырай».

Фота: сацсеткі выдавецтва «Мяне няма».

Як і рэжысёрку, фатографку Шатун цікавяць моманты звыклай паўсядзённасці, пэўныя станы, у якіх раскрываюцца месца і людзі праз самыя простыя рэчы. Можна сказаць, што творцу цікавіць вялікае ў малым, ардынарным — тое, як шмат можа расказаць чалавек, горад, месца ў сваім непастановачным, жывым ды амаль ціхім існаванні.

Вынік гэтага ўдумлівага сузірання часам доўгіх падарожжаў Юліі Шатун ад Берліна да Калінінграда і прадстаўляе публіцы каманда выдавецтва «Мяне няма».

Фота: сацсеткі выдавецтва «Мяне няма».

«И можно снова почувствовать, что уже приезжал в этот город:

каждый раз он меняет имя,

и каждый раз я его все равно узнаю», — гучыць цытата з кнігі.

Зрабіць перадзамову «Каждый видел этот город в каком-нибудь другом месте» можна тут.
Крыніца: REFORMATION