Кароткі спіс прэміі Гедройця


Галоўная інтрыга года ў беларускай літаратуры хутка раскрыецца!

Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў абвяшчаюць кароткі спіс літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця за 2024 год. Журы назвала шэсць галоўных кніг 2024 года, якія прайшлі ў фінальны этап конкурсу і змогуць далей змагацца за перамогу.

Кароткі спіс чатырнаццатага сезон

«Гульні Цырцэі. Раман» Зміцер Дзядзенка (фонд Kamunikat.org);


«Занзібар. Сталенне маладой душы» Сяргей Дубавец (выдавецтва «Вясна»);



«Перамена месцаў»Югася Каляда (выдавецтва «Пфляўмбаўм»);



«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»Аляксандр Лукашук (выдавецтва «Вясна»);


«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» Анка Упала (выдавецтва «Alena Kazlova»);



«Забойства на вуліцы Макаёнка»Клёк Штучны (аўдыявыдавецтва «Audiobooks. by» і выдавецтва «Янушкевіч»).


Журы прэміі падзялілася ўласнымі ўражаннямі ад адбору і адзначыла, што працаваць сёлета было і нялёгка, і радасна:

«Нялёгка — бо маем моцны, розны паводле тэматыкі і жанраў спіс намінантаў, якія часам адно аднаму дыхаюць у патыліцу. Даводзіцца па некалькі разоў перагалосаўваць, таму што кнігі набіраюць роўную колькасць балаў. Яшчэ на этапе складання доўгага спісу давялося ўключыць туды не 12, як звычайна, а 13 пазіцый. Далей змаганне толькі абвастрылася. Радасна — бо прэмія будзе ўручацца ўжо чатырнаццаты раз. Жыве прэмія Ежы Гедройця! Жыве беларускае прыгожае пісьменства!»

Мы ўжо адкрылі адну з таямніц: прэмія вернецца на бераг Балтыйскага мора. Сябры і партнёры літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця падтрымалі нашае вяртанне ў Гданьск, дзе стануць вядомыя пераможца і ўладальнікі другога і трэцяга месца.

Калі: 15 лістапада 2025 года (субота)
Дзе: Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Гданьск, Польшча (plac Solidarności, 1)

Гэта будзе сапраўднае свята беларускага слова: урачыстая цырымонія, сустрэчы, дыскусіі, жывыя размовы пра літаратуру і яе будучыню. Уваход на ўсе імпрэзы вольны!

Занатуйце дату, сачыце за нашымі навінамі — і рыхтуйцеся да сюрпрызаў!

Што такое літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця?

Прэмія была заснавана ў 2012 годзе і сёння з’яўляецца адной з найважнейшых культурных узнагарод Беларусі. Яна адзначае выбітныя творы мастацкай і дакументальнай прозы, падтрымлівае аўтараў і аўтарак, фармуе вобраз сучаснай беларускай літаратуры.

Публічныя сябры журы

Катажына Дрозд-Урбаньска — беларусістка, літаратуразнаўца, ад’юнкт кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта;







Сяргей Кавалёў — літаратуразнаўца, крытык, драматург, галоўны рэдактар часопіса «Studia Białorutenistyczne»;







Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.








Арганізатары

Прэмія арганізуецца Беларускім ПЭНам і Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў.

Сачыце за навінамі на penbelarus.org, bellit.info і ў сацыяльных сетках прэміі (Instagram, Facebook).
Крыніца: Беларускі ПЭН