«Нічога не засталося»: Анастасія Шпакоўская распускае гурт Naka


Гурт Naka, які толькі летась адсвяткаваў сваё 20-годдзе, спыніў сваю творчую дзейнасць. Пра роспуск калектыву сёння паведаміла ў сваіх сацсетках заснавальніца і лідарка рок-бэнды Анастасія Шпакоўская.

«Прыняла цяжкае для сябе рашэнне. Такая маленькая, але важная для мяне смерць. Больш не будзе Naka. Ні ў якім выглядзе, — напісала яна. — Каб рухацца далей, трэба бачыць сэнсы і мэты. Трэба адчуваць энергію і падтрымку. Нічога не засталося. Я ўдзячная людзям да гэту маленькае жыццё, поўнае болі і любові. Песні застануцца ва ўзячнасць. Леці, мая шэрая птушачка. Бывай».

Рок-гурт Naka быў заснаваны ў Мінску спявачкай, музыкай і актрысай Рускага тэатра Анастасіяй Шпакоўскай ў 2004 годзе. Першы альбом калектыву «Тебе», які ўключаў хіты «Мой герой — Таня Буланова», «Дарога», «Крылы», атрымаў станоўчую прэсу і трапіў у ратацыю рускамоўных радыёстанцый. Гурт, стыль якога апісваўся як «гарадскі раманс», прабіваўся на расійскі рынак.

Паваротным для калектыву стаў альбом «Довольна», выдадзены ў 2010 годзе. Зборнік быў запісаны за сабраныя краўдфандынгам сродкі, выдадзены самастойна, і, застаючыся ў вобразнай прасторы Анастасіі Шпакоўскай, звяртаўся да вострых сацыяльных пытанняў беларускай рэальнасці. «Гэта суцэльны песенны цыкл, які ўважліва і жорстка дыягнастуе дні „ўсенароднага пахмелля“ (БГ) праз прызму прыватнага вопыту і асобнага лёсу. Па-дэ-дэ на бітым шкле», — напісаў пра плытку Максім Жбанкоў.

Можна сказаць, што «Довольна» пазначыў паварот гурта да беларускай прасторы.

Знакавымі за час існавання гурта сталіся песні: «Баю-бай» («Чарнобыльская калыханка»), «Бяжы», «Всех забрали», «За минуту до взрыва», «Пагоня», «Собирайтесь», «Трывай», «Пра любоў», «Мая малітва» ды шмат, шмат іншых.

У 2020 годзе Анастасія Шпакоўская ўключаецца ў перадвыбарчую кампанію Віктара Бабарыкі, у выніку чаго будзе вымушана пакінуць Беларусь. Творца ў 2020-м актыўна выступае з сатырычнымі кампазіцыямі; ва Украіне, куды з’яджае Анастасія, яна адкрывае Першую беларускую анлайн школу. У эміграцыі гурт ставіць сваю дзейнасць на паўзу, але вяртаецца з дзёрскай песняй Huyovo ў 2024 годзе. «ZAкончится» ў жніўні 2024-га прысвячаецца Кіеву, з якога Анастасія пераязджае ў Варшаву.


Толькі нядаўна Reform.news пісаў пра перазапуск сайд-праекта Анастасіі Шпакоўскай — NakaPiano і рэліз песні на вершы Міхала Анемпадыстава «Хутка павінна пачацца». У сакавіку 2025 выйшаў кліп на кампазіцыю, якую слухачы назвалі «музычнай Гернікай».
Крыніца: REFORMATION