Заснавана новая прэмія «Голас пакалення свабоды» для выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 60+


Беларускі ПЭН у партнёрстве з Праваабарончым цэнтрам «Вясна», Беларускай асацыяцыяй журналістаў, Прэс-клубам Беларусь і Фондам «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» абвяшчае заснаванне новай прэміі «Голас пакалення свабоды». 

Прэмія створана для ўшанавання жыццёвых дасягненняў і праваабарончай дзейнасці выдатных беларускіх літаратараў, праваабаронцаў і журналістаў, якія былі вымушаны эміграваць праз пераслед пасля 2020 года.

Мэта прэміі — выказаць глыбокую павагу і ўдзячнасць за ўнёсак лаўрэатаў/лаўрэатак у культуру і грамадства Беларусі, а таксама адзначыць іх нязменную пазіцыю перад абліччам рэпрэсій. Прэмія прызначана для дзеячаў/дзяячак, якія пасля 2020 года былі вымушаны з’ехаць з Беларусі ад палітычнага ці грамадскага пераследу і цяпер пражываюць у Польшчы, Чэхіі або Літве.

Рашэнне аб прысуджэнні прэміі будзе прымаць адмысловае журы, у склад якога ўваходзяць асобы ад усіх арганізацый-партнёраў: Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН), Андрэй Бастунец (БАЖ), Павал Сапелка («Вясна»), Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь), Марыя Садоўская-Камлач («Свабодная прэса для Усходняй Еўропы»). 

Таццяна Нядбай, старшыня Беларускага ПЭНа: «Мы ўсведамляем, што людзей, якія заслугоўваюць гэтай прэміі, значна больш, чым магчымасцяў у нас сёлета, і спадзяёмся, што ў будучыні ў нас будзе магчымасць працягнуць гэтую справу. Таксама разумеем, што асобы, годныя ўганаравання, знаходзяцца і ўнутры Беларусі.

Нашая мэта — не раздзяліць на „тут“ і „там“, а паспрабаваць праз такую прэмію даць магчымасць тым, хто мусіў пакінуць Беларусь, працягнуць сваю творчую, журналісцкую і/ці праваабарончую дзейнасць.

Я глыбока перакананая, што сёння людзі, якім давялося стаць уцекачамі і выжываць на чужыне, могуць зрабіць істотны ўнёсак у агульную справу, і спадзяюся, што прэмія, акрамя належнага прызнання, дасць ім магчымасць забяспечыць сваё існаванне хаця б на кароткі перыяд і зрэалізаваць літаратурны, журналісцкі ці праваабарончы праект».

Кандыдаты/кандыдаткі на атрыманне прэміі мусяць адпавядаць асноўным крытэрыям:

Мець значныя дасягненні ў галіне літаратуры, журналістыкі або абароны правоў чалавека ў Беларусі.
Не пазней як у 2025 годзе дасягнуць 60-гадовага ўзросту.
Быць вымушанымі эмігрантамі/эмігранткамі з Беларусі пасля 2020 года ў сувязі з пераследам і пражываць у Польшчы, Чэхіі або Літве.
Актыўна ўдзельнічаць у пабудове незалежнай грамадзянскай супольнасці.
Вылучацца грамадзянскай адвагай, непахіснасцю прынцыпаў і прыхільнасцю да дэмакратычных каштоўнасцяў і правоў чалавека.
Кандыдаты/кандыдаткі абавязаны ў перыяд з моманту інфармавання пра вынікі адбору і да 20 лістапада 2025 года быць даступнымі для ўсіх дзеянняў, звязаных з публікацыяй зборніка «Голас пакалення свабоды». 

Працэс намінацыі:

Вылучыць кандыдатаў/кандыдатак на прэмію можна праз зварот да арганізацый-партнёраў. Заяўкі будуць прымацца выключна праз анлайн-форму, якая будзе дадзена ахвочым пасля іх верыфікацыі. Кожнае вылучэнне мусіць мець падрабязнае апісанне дасягненняў кандыдата/кандыдаткі і абгрунтаванне. Адрасы для запыту анлайн-формы знаходзяцца ў канцы тэксту. 

Намінацыі прымаюцца да 20 верасня 2025 года ўключна. Узнагарода лаўрэатаў/лаўрэатак і дыскусія адбудзецца 15 лістапада 2025 года як дадатковая падзея перад цырымоніяй уручэння прэміі імя Ежы Гедройця. 

Форма ўзнагароды:

Прэмія мае фінансавы характар (некалькі тысяч еўра). Акрамя таго, матэрыялы пра лаўрэатаў/лаўрэатак увойдуць у адмысловы зборнік пад назвай «Голас пакалення свабоды», які будзе апублікаваны Беларускім ПЭНам і партнёрамі ў электроннай форме. Матэрыял у зборніку з’яўляецца абавязковай умовай для атрымання прэміі.

Арганізатары і партнёры прэміі, а таксама іх кантактныя адрасы

Беларускі ПЭН svaboda@penbelarus.org 
Праваабарончы цэнтр «Вясна» viasna@spring96.org 
Беларуская асацыяцыя журналістаў padtrymka60@baj.media 
Прэс-клуб Беларусь pressclub@solidarityby.eu 
Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» info@fpee.eu 
Адказная асоба для запытаў СМІ — Таццяна Нядбай (Беларускі ПЭН): svaboda@penbelarus.org 


Праект «Голас пакалення свабоды» суфінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна аўтарскія погляды і не можа атаясамляцца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў