На Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве выказалі падтрымку беларускім палітзняволеным


Вялікую хвалю салідарнасці выказалі беларускім палітзняволеным і людзям слова на 91-м Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа, які прайшоў у Кракаве з 2 па 5 верасня.

Пра гэта паведаміла прэзідэнтка Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

«Беларускі ПЭН шалёна ўдзячны ўсім за агромную хвалю салідарнасці з намі, з беларускімі пісьменнікамі і дзеячамі культуры, якія сёння знаходзяцца ў няволі — ці ў рэальных турмах, ці на ўмоўнай волі, але застаюцца пад ціскам рэпрэсій, цэнзуры і забароны на прафесію», — адзначыла яна.

«Люблю кангрэсы ПЭНа, бо яны даюць моцнае адчуванне адзінай супольнасці, прасякнутай агульнымі каштоўнасцямі. А таксама бо яны кожнага разу нагадваюць, наколькі складаны наш свет, што праблемы іншых краінаў, дзе ёсць праблемы са свабодай слова, таксама важныя, а таму тым больш мы ўдзячныя кожнай і кожнаму — як з краінаў са стабільнымі дэмакратыямі (а пакажыце мне такія сёння), так і з краінаў з іншымі ладамі палітычнага жыцця — за ўвагу да Беларусі і беларускага слова, якое прагне свабоды і дэмакратыі», — дадала Таццяна Нядбай.

Нагадаем, што адкрыцці Кангрэса Міжнароднага ПЭНа ў Кракаве была прэзентавана выстава пра забароненыя ў Беларусі кнігі. А таксама беларуская праваабарончая арганізацыя запусціла сайт bannedbooks.penbelarus.org, на якім сабраныя спісы забароненых кніг, некаторыя гісторыі аўтараў і іх твораў, юрыдычныя наступствы забароны, аналітычныя матэрыялы.

Выстава забароненых беларускіх кніг на Кангрэсе Міжнароднага ПЭНа.

На Кангрэсе неаднаразова ўзгадваліся імёны беларускіх палітзняволеных.

Сёлета сустрэча сябраў Міжнароднага ПЭНа ладзілася пад дэвізам «Памяць, міграцыя і міф у сучаснай мастацкай літаратуры». Мерапрыемства адбылося пад слоганам: «Свабода слоў — словы свабодных».

Заснаваны ў 1921 годзе, Міжнародны ПЭН-клуб аб’ядноўвае пісьменнікаў з усяго свету для прасоўвання літаратуры і абароны свабоды слова. Віцэ-прэзідэнткай арганізацыі з’яўляецца канадская пісьменніца Маргарэт Этвуд.
Крыніца: REFORMATION