Гарадская рада Франкфурта-на-Майне зацвердзіла ўсталяванне памятнай шыльды Васілю Быкаву


Гарадская рада Франкфурта-на-Майне аднагалосна прагаласавала за ўсталяванне памятнай шыльды ў гонар беларускага пісьменніка і дысідэнта Васіля Быкава.

Пра гэта паведаміла арганізацыя беларусаў у Германіі RAZAM e.V.

Шыльда мусіць паўстаць у парку Bockenheimer Anlage, побач з домам, дзе жыў пісьменнік у Франкфурце ў 2001 і 2002 гадах.

Перад галасаваннем, якое адбылося на пасяджэнні 2 верасня, сябры арганізацыі RAZAM e.V. Яўгенія Гукава і Алесь Маісеенка прэзентавалі дэпутатам горада жыццёвы шлях і творчасць гэтага выбітнага літаратара.

Падчас прэзентацыі. Фота: аб’яднання беларусаў RAZAM e.V.

«Мы выказваем падзяку ўсім дэпутатам, якія зрабілі магчымым рэалізацыю гэтай ідэі. Асобная падзяка — суініцыятарам Міхаілу Рубіну, Таццяне Трафімавай і дэпутату Штэфану Кортэ (FDP), які падаў заяўку», — адзначылі рупліўцы.

Фота: аб’яднання беларусаў RAZAM e.V.

У 1998 годзе Васіль Быкаў быў вымушаны пакінуць Радзіму з-за крытыкі рэжыму Лукашэнкі. У межах ініцыятывы «Горад прытулку» ён пражываў у Франкфурце-на-Майне, дзе, у тым ліку, запісаў успаміны Барыса Кіта.
Крыніца: REFORMATION