Першая частка “Сабак Эўропы” стала аўдыякнігай


Ініцыятыва Audiobooks. by ператварыла першую частку рамана «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча «Мы лёгкія, як папера» ў аўдыякнігу і размясціла на пляцоўках, дзе кожны можа яе паслухаць. Твор агучыў рэдактар рамана Сяргей Шупа.

У частцы «Мы лёгкія, як папера» дзеянне адбываецца ў 2016 годзе. Менскі няўдаліца, самаабвешчаны геній і мізантроп стварае бальбуту — таемную мову свабоды. Дэтэктыўная гісторыя пра моўную ўтопію і роспач індывідуальнага бунту ў пазнавальных дэкарацыях беларускай сталіцы напярэдадні вялікіх і трагічных падзей...

Слухаць на выбар можна тут: Kobo (працуе ў Беларусі), Audiobooks. com (працуе ў Беларусі), Google Play Books, Apple Books, Spotify Audiobooks.

Каманда Audiobooks. by абяцае, што неўзабаве мае з’явіцца ў доступе другая частва «Сабак Эўропы».

Першая частка была запісаная Беларускім ПЭН-цэнтрам, Радыё Свабода і Еўрарадыё.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў