«Трэба фармаваць новы вобраз беларусаў»: Севярын Квяткоўскі — пра сваю кнігу «Мы ідзем на марш!» і мала асэнсаваны 2020 год


Медыяпісьменнік Севярын Квяткоўскі перакананы, што падзеі 2020 года і тыя, што яму папярэднічалі, яшчэ толькі пачалі грунтоўнае асэнсаванне ў беларускай публічнай прасторы — хоць па-мастацку, хоць навукова. Аповесць-фрашка «Мы ідзем на марш!», выдадзеная Фондам Kamunikat.org, дае новы эмацыйны штуршок для вяртання да тэмы станаўлення грамадзянскай супольнасці ў максімальна неспрыяльных умовах.

11 ліпеня 2025 на фестывалі абуджаных TUTAKA запланаваная аўтограф-сесія новага зборніку кароткай іранічнай прозы Севярына Квяткоўскга — фрашак. Reform.news распытаў аўтара пра новую кнігу.

— Севярын, першае, што звяртае ўвагу, — гэта вокладка кнігі «Мы ідзем на марш!». На ёй шэраг відэльцаў; побач з назвай выдання атрымоўваецца такі шматзначны вобраз, які дасылае ў тым ліку да супраціву людзей. Як ён нарадзіўся?

— Вобраз відэльца прыдумаў Міхал Анемпадыстаў, аўтар вокладкі маёй першай кнігі «Фрашкі да пляшкі». Гэта было ў 2007 годзе, а ў 2025 кніга перавыдаецца пад адной вокладкай з іншымі творамі.

Відэлец — гэта прылада, якой можна падчапіць закуску падчас добрай бяседы, а можна моцна параніць праціўніка. У 2007 годзе гаворка была вобразная.

Цяпер, у 2025 годзе, новы аўтар вокладкі (выступае пад псеўданімам), які наследуе задумцы Міхала Анемпадыстава, прапанаваў адсылку да касінераў Кастуся Каліноўскага.

Як бы мы ні ганарыліся інтэлектуальнай і маральнай перавагай мірнага супраціўлення ўзброеным варварам, зло давядзецца перамагаць віламі.


Севярын Квяткоўскі «Мы ідзем на марш», 2025 год. Фота: сайт «Камуніката».

— «Мы ідзем на марш!» — гэта зборнік фрашак розных гадоў?

— Так, гады розныя, але калі не ведаць — не здагадаешся, бо тэмы фрашак вечныя: і для беларусаў, і часткова для ўсіх людзей. Асабліва, думаю, тэма беларускай мовы найбольш узрушальная. Людзі часта не разумеюць, чаму менавіта дыскусія — хоць па якой тэме, звязанай з беларускай мовай — у іх выклікае жаданне выказацца. Думаю, калі спрошчана, беларуская мова — гэта пра свабоду асобы.

Перакласці на іншыя мовы без дзясяткаў каментароў да кожнага сказу амаль немагчыма. Але ў кнізе ёсць пераклад «Мы ідзем на марш!» на ўкраінскую мову. Усё, што звязана з прымусовай русіфікацыяй, украінцы разумеюць вельмі добра.

Таксама ў кнізе ёсць раздзел «Польскія фрашкі». Тут сабраныя як мае ўражанні ў якасці вымушанага перасяленца (усё яшчэ не магу прамовіць адносна сябе «эмігрант», успрымаю сябе хутчэй як падарожніка), а таксама гісторыі пра беларусаў у Польшчы розных гадоў. Фактычна гэты раздзел — заяўка на будучую асобную кніжку пра Польшчу вачыма беларуса.

І «Фрашкі пра фрашкі». Адна з маіх любімых гісторый — як у 2007 зусім юнага Франака Вячорку загрэблі на Акрэсціна на 12 сутак, і там ён услых чытаў мае «Фрашкі да пляшкі». Прычым смяяліся і палітычныя, і булдосы з раёна. Зараз пра Акрэсціна са смехам не напішаш.

— На твой погляд, апавяданні 2007 года не страцілі актуальнасці?

— Усе падзеі найноўшай гісторыі Беларусі ўзаемазвязаныя. Такія людзі, як згаданы мною Франак, 15—25—45 гадоў таму ў грамадстве выклікалі ці абурэнне, ці з часам усмешку. Маўляў, дзівакі — гойсаюць туды-сюды са сваёй беларушчынай, свабодай і джмакратыяй. Абы чым займаюцца — лепш бы асфальт пераклалі ці платы пафарбавалі.

Але тыя «дзівакі» верылі ў сваю справу. І без іх веры і працы з рызыкай сесці не толькі на суткі, але і на гады, не было б каму падтрымаць агульнае ўзрушэнне ў 2020 годзе.

Таму мой адказ на вашае пытанне: так, не толькі апавяданні 2007 актуальныя. Праз нейкі час трэба будзе хай сабе пазней, але асэнсаваць і дзевяностыя.


Севярын Квяткоўкі «Фрашкі да пляшкі», 2007 год.

Што да «Мы ідзем на марш!» — сэнс гэтага тэксту ў тым, каб прадэманстраваць людзям, якія думаюць, што яны самотныя ў пэўным канкрэтным соцыуме, што насамрэч іх шмат. Дзесьці зусім побач ёсць іх адзінадумцы. А паколькі мае фрашкі базуюцца на рэальных гісторыях, то я як аўтар не проста раблю мастацкае дапушчэнне, але сцвярджаю сваю ідэю праз канкрэтныя прыклады.

Падзеі 2020 года, на маю думку, мала асэнсаваныя вось чаму: палова нашых мысляроў сядзіць за кратамі, а іншыя мусяць думаць найперш пра выжыванне — хоць у Беларусі, хоць за мяжой. Няма заказчыка тэмы. А заказчыкі падобнай інтэлектуальнай працы звычайна — у любой краіне — тая ці іншая палітычная сіла.

З іншага боку, інтэлектуалы без усялякіх заказаў ад шчырага розуму і сэрца могуць падказваць палітыкам, у якім кірунку рухацца.

— Не раз ужо гучала меркаванне, што мы, наадварот, захраслі ў 2020-м — і не рухаемся далей. Што людзі стаміліся ад тэмы.

— 2020 — гэта мноства тэмаў. І праўда: у беларускіх колах вельмі выбарачна ставяцца — якую актывізаваць, а якую прыхаваць.

Калі па адным коле бясконца ганяць тэму пакутніцтва — канешне, стомішся. Кіраўнік «Свабоднага тэатру» Мікалай Халезін адносна нядаўна выказаўся на адрас людзей з кінавытворчасці: маўляў, хопіць прадаваць беларускі боль на Захадзе. За пошнія гады ва ўсім свеце болю сталася яшчэ больш, чым было.

Сапраўды: чаму мы засяроджваемся толькі на пакутніцтве? Чаму не ўзгадаць смеласць беларусаў? У Менску першыя тры дні людзі выходзілі ў тым ліку з кулакамі. А Пінск? Там фактычна былі тыя самыя вілы, што на вокладцы маёй кнігі. А іншыя гарады? Мяне асабіста Віцебск уразіў з таго, што я бачыў на ютубах, — пра яго наагул маўчок. Прыклады сілавога супраціўлення можна множыць і множыць.

У Беларусі дэманстрантаў пачалі забіваць амаль адразу ад пачатку пратэстаў — з Аляксандра Тарайкоўскага. Думалі застрашыць, і на тым канец гісторыі. 

Але подзвіг «беларусаў на Маршы» ў тым, што, ведаючы, што іх могуць забіць, людзі хваля за хваляй выходзілі і выходзілі. Гэта беспрэцэдэнтна ў падобных маштабах — прынамсі, для Еўропы.

І галоўнае, пра што трэба нават не казаць, а трубіць — самаарганізацыя беларусаў.

У такіх маштабах нічога падобнага не было ў гісторыі Еўропы! Я напісаў для аднаго аналітычнага праекта тэкст, дзе выказаў думку, што беларусы ўжо цяпер гатовыя шмат чаму павучыць жыхароў Еўразвязу. Бо папулізм квітнее, а следам за папулізмам прыходзяць большыя ці меншыя аўтарытарызмы.

І вось ужо на канец 2025 года запланаваныя трэнінгі, дзе беларусы будуць вучыць людзей з Цэнтральнай Еўропы, як ім самаарганізоўвацца ў выпадку палітычнай катастрофы — паразы дэмакратыі.

Трэба распавядаць пра крэатыўны клас, які сфарміраваўся ў Беларусі на момант 2020 года і які стаўся на дзве галавы вышэй за архаічную ўладу.

Трэба распавядаць пра злачынствы, пра катаванні — але і пра тое, як нават за кратамі людзі працягваюць маральны супраціў. А такія гісторыі ў нас ужо ёсць.

Трэба адляпляць вобраз беларусаў ад лукашызму.

Мала хто ведае, але ў Польшчы ёсць беларуская культурная аўтаномія. Ідзіце — знаёмцеся з беларусамі Падляшша. Па дакументах беларусы — адзін з аўтахтонных этнасаў Еўразвязу. Пра гэта мала хто ведае, бо беларусы Падляшша жывуць у сваім замкнёным сусвеце. Можа таму і перажылі столькі навалаў за гісторыю. 

Але стан рэчаў такі, што аўтахтоны Падляшша часам чуюць ад новапрыбылых беларусаў: «Ты беларус — калі прыехаў у Польшчу». Хоць, вядома, патрэбны час, каб такія дзікія непаразуменні зніклі. Хай толькі ў «фрашках» застануцца.

Так што, відэльцы на вокладцы кнігі «Мы ідзем на марш!» — гэта яшчэ і пра вастрыню розуму.

Беларусам толькі і застаецца, што перамагаць выклікі жыцця з дапамогай розуму — браць якасцю. І салідарнасцю!

***

Урывак з апавядання «Мы ідзем на марш!»

У электрычцы Стоўпцы — Менск у вагоне нумар пяць дзяўчына Адэля прамаўляе па мабільніку адну фразу:

— Сяржук, я ўжо вырушыла на Менск.

Бабуся інтэлігентнага віду, кшталту калісьці панаехаўшай у беларускае мястэчка настаўніцы з «большой земли», то-бок з РСФСР, вяжа на прутках насупраць. Уздымае галаву здзіўлена-непрыязна:

— У вас, что в Минске теперь все так говорят — по-белорусски?!

— Так.
— Совсем обнаглели!

Жанчына гадоў трыццаці пяці, відавочна «мінская», гарадская-прыгарадская, пытаецца з разгубленым і тужлівым выразам твару:

— Ой, а вы точно правильно говорите по-бело- русски?

Адэля моўчкі ківае.

— А то я не совсем понимаю, но трасянку очень не люблю.

Побач пара гадоў па сорак пяць. Усмешліва-прыязна, нібы знайшлі штосьці рэдкае і дзівос- нае, глядзяць на Адэлю. Першым радасна дзеліцца муж:

— О, вы говорите по-белорусски? А мы недавно были в той деревне, из которой произошли все белорусы! Так интересно!

Адэля ў здзіўленні ўздымае бровы. Мужчына задумліва:

— Ну я теперь не помню... Но экскурсовод так сказал...

Яго жонка:

— Литвины. Это деревня Литвины.

Крыху здалёк за размовай сочаць дзве жанчынкі.

— Барысаўна, глядзіце, на беларускам гаворыць! Як гэты пісацель, што пісаў на беларускам... Напомніце беларускага пісацеля фамілію.

— Какога?
— Ой да іх усяго двое.

Напружылася:

— Як яго... Якаў нейкі... Якаў... У школе праходзілі. Як яго...
— Якуб Колас?
— Не-не, другой. Яшчэ адзін!
— Янка Купала?
— Во! Ён!

І тут у вагон заходзіць кантралёрка:

— Прэд’яўляем! — гучна, рашуча, нібы міліцыянт пры выкананні.
— Калі ласка, — працягвае квіток Адэля. Кантралёрка рэзка, вульгарна і злабнавасьценька: — Ой, ціпа вы рускава ні знаеця!
— Ведаю, але мне па-беларуску ямчэй, — добразычліва адказвае Адэля.
— Што-та вы нінастаяшчая беларуска. Настаяшчыя так не гаварат!!!

Дзяўчына ўздымаецца, дэманструючы ўсім сваю ваў!-паставу. І экспрэсіўна, але ўсё яшчэ ветліва звяртаецца да цёткі-кантралёркі:

— А якім было вашае першае беларускае слова?

Цётка грэбліва крывіцца, маша рукой, нібы ад- штурхоўваецца ад словаў Адэлі:

— Ой, бля-а-а...
Дзяўчына расплываецца ў шчаслівай усмешцы: — А маім першым беларускім словам было — «каханне».

***

Набыць выданне можна ТУТ.
Крыніца: REFORMATION