Камунікат аддаў у друк чатыры новыя кнігі


Вось так у нас пачаліся вакацыі

Фонд Kamunikat.org аддаў у друк ажно 4 кнігі!!!

Палітычны трылер Leszek Szerepka «Беларускі снайпер» у перакладзе Алеся Плоткі; вокладка Arthur Vakarov.

Раман Лешэка Шэрэпкі «Беларускі снайпер» натхнёны найлепшымі творамі Тома Клэнсі і Роберта Ладлума. Ён выдатна адлюстроўвае сучасную беларускую рэальнасць, а таму дазваляе глыбей зразумець як сутнасць аўтарытарнага рэжыму, так і матывы тых, хто адважваецца рызыкаваць жыццём, каб яго перамагчы. Сістэма разглядае людзей у якасці інструментаў, змагаецца з іх салідарнасцю і незалежнасцю, манапалізуе праўду і навязвае ўласны кодэкс паводзін. 



Алег Прыбылоўскі, верны прэтарыянец беларускага прэзідэнта, пераконваецца ў тым, калі апынаецца перад выбарам і вырашае змагацца за сваё вялікае каханне і захаванне чалавечай годнасці. На гэтым шляху ён сустракае Паўла Шэрэта, журналіста, які шмат гадоў імкнецца раскрыць змрочную таямніцу беларускага эскадрона смерці. Абодва кідаюць выклік цынічнаму і бязлітаснаму дыктатару. Задача, якую бярэцца выканаць Алег, каб выкрыць злачынную сістэму і выратаваць каханую, прыводзіць яго на мяжу паміж жыццём і смерцю.


Слова «фрашка» ў сучасным значэнні — аднагодак незалежнай Беларусі. У 1991 годзе Сяргей Дубавец заснаваў інтэлектуальнае выданне «Наша Ніва» (1991–2000), якое на ідэі беларушчыны ядналася з аднайменнай газетай пачатку ХХ ст.
У рэдацыйнай працы Сяргей Дубавец, сярод іншага, прапанаваў словам «фрашка» называць кароткую літаратурную форму з дыяпазонам — ад замалёўкі да міні-апавядання. Вясёлую ці сумную, але заўсёды іранічную.



«Фрашка» з XVI стагоддзя мела падобнае значэнне — толькі ў вершаванай форме і з ухілам у неабавязковасць: штосьці кшталту драбязы, гарэзлівасці, выбрыкаў.
Севярын Квяткоўскі праз абраны, нібыта выключна лёгкі, фармат фрашак раскрывае рысы эпохі станаўлення новага беларускага грамадства, дзе старая, савецкага ўзору, архаіка сутыкаецца з людзьмі новага мыслення — з новымі беларусамі, якія хочуць больш паветра, больш прасторы і больш беларускасці для сябе.



Другое выданне Падарожжаў Свабоды Бартосік Зьміцер «Быў у пана верабейка гаварушчы...»; вокладка Arthur Vakarov.

У гэтай кнізе няма агульнавядомых фактаў і амаль няма вядомых сюжэтаў. Зміцер Бартосік сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця. Тым ня менш, факты і сюжэты складаюцца ў карціну Беларусі ХХ стагодзьдзя, і нельга сказаць, што гэтая карціна няпоўная або непраўдзівая. Яна распавядае пра мяжу дабра і зла ў душы беларускага чалавека, якую адныя пераходзілі, рабуючы панскія сядзібы, а іншыя не пераходзілі, пашыраючы асьвету і памнажаючы дабрабыт.

Вершы для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту грузінскага паэта Васіла Гулеуры «Мзія і Сонейка» ў перакладзе Юры Несцярэнкі (Yuri Nesterenko)



Васіл Гулеуры – грузінскі дзіцячы пісьменнік, аўтар больш за 30 апублікаваных кніг за два дзесяцігоддзі пісьменніцкай дзейнасці. Яго творы былі ўзнагароджаны некалькімі нацыянальнымі літаратурнымі прэміямі: прэміяй імя Якаба Гогебашвілі (тройчы), прэміяй Сагурама, прэміяй Цэра. Быў намінаваны на прэмію памяці Астрыд Ліндгрэн у 2018 і 2024 гадах. Яго апавяданні і вершы перакладзены на англійскую, французскую, нямецкую, літоўскую і шэраг іншых моў.

Юры Несцярэнка – пісьменнік, перакладчык, паэт, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, аўтар кніг прозы і публіцыстыкі. Для дзяцей напісаў кнігі “Чароўныя назвы” і “Неверагодны свет”. У 2022 годзе, у Тбілісі, падчас правядзення міжнароднага літаратурнага фестываля, пазнаёміўся з Васілам Гулеуры. Вынікам творчага супрацоўніцтва беларускага і грузінскага літаратараў сталі пераклады дзіцячых вершаў спадара Васіла на беларускую мову.

Кнігі можна будзе набыць на кніжных кірмашах падчас:

Festiwal TUTAKA || Фестываль TUTAKA 11-13 ліпеня 2025 ва ўрочышчы Барык непадалёк Гарадка

...і вядома ж у нашай інтэрнэт кнігарні
Kamunikat.shop  перадзамова ўжо сёння!!!

Крыніца: Kamunikat.org