SayBeat выдаў дэбютны раман Макса Шчура «Там, дзе нас няма»


Выдавецкая ініцыятыва SayBeat упершыню выдала друкам дэбютны раман Макса Шчура «Там, дзе нас няма» (прэмія Янкі Юхнаўца 2004, шорт-ліст прэміі Ежы Гедройця 2022). 

480 старонак тэксту дапоўнены аўтарскімі рэфлексіямі «Адказы без пытанняў» і «Палімпсест 2022», параўнальнай табліцай папярэдніх версій рамана і выбранымі чытацкімі водгукамі.


З анатацыі:

«Дзеянне раману адбываецца недзе ў паралельным сусвеце, які ёсць сатырычнай, радыкальна бязглуздай версіяй Беларусі залаталіхіх дзевяностых гадоў. У гэтай нерэальнасці мусяць штодня — ці прынамсі два дні, цягам якіх разгортваюцца падзеі, — выжываць цалкам рэальныя маладыя людзі, чые асабістыя пошукі сэнсу і прыгодаў праходзяць на фоне агульнанацыянальнага маразму. Ці дапаможа ім Імаверская Кніга ўратаваць пандэмонскага інфлянтолага Ніка Пацукевіча з турмы, а саму Інфляччыну — ад дамаганняў партыярха Педафілія?»

SayBeat адзначае: «Кніга выдадзена тарашкевіцай і вызначаецца размаітасцю выкарыстаных паліграфічных прыёмаў, у прыватнасці — вялікай колькасцю шрыфтоў для перадачы розных тыпаў дыскурсу».

Замовіць кнігу можна ўжо цяпер (дастаўка за кошт замоўцы).

Для бліжэйга знаёмства з аўтарам прапануем адно з яго інтэрв’ю.


Макс Шчур — паэт, перакладнік, лаўрэат прэміі Гедройця (2016 г.) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004 г.). З 1998 года жыве ў Чэхіі. Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы («Амальгама», «Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладнік з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моў. 

Галоўны рэдактар сайту «Невідочнае места» (2003–2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013–2020). 

Пераклаў на беларускую фільм «Крымінальнае чытво», у 2008–2020 гг. як перакладнік супрацоўнічаў з тэлевізіяй «Белсат». 

Мае аўтарскі ютуб-канал, дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм.
Крыніца: Kamunikat.org