Абвешчаны доўгі спіс намінантаў на паэтычную прэмію Арсенневай 2025


Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай, якой ганаруецца найлепшая паэтычная кніга, вызначыла доўгі спіс намінантаў, паведамляе Беларускі ПЭН.

Доўгі спіс (у алфавітным парадку):

1. «Момант цішыні» — Надзея Амельчанка (зашыфраваны ўдзел, сапраўдныя звесткі пра кнігу і аўтарства не абвяшчаюцца публічна);
2. «Амаль» — Вера Бурлак (выдавецтва «hochroth Minsk»);
3. «Пад асобнымі коўдрамі» — Вольга Гапеева (выдавецтва «Skaryna Press»);
4. «Аранжавы» — Віктар Жыбуль (выдавецтва «hochroth Minsk»);
5. «Непрамо(ў)ленае» — Анатоль Івашчанка (выдавецтва «Skaryna Press»);
6. «Акрамя» — Павел Капанскі (без выдавецтва);
7. «Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа» — Уладзімір Някляеў (выдавецтва Калегіума Усходняй Еўропы);
8. «Гіброіды» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «Мяне няма»);
9. «Нічога нястрашнага» — Сяргей Прылуцкі (выдавецтва «hochroth Minsk»);
10. «Дзікае паляваньне караля Стаха: Вершы да опэры» — Андрэй Хадановіч (выдавецтва «Gutenberg Publisher»).

Чаму такі шырокі спіс?
Паводле Статута прэміі, доўгі спіс можа змяшчаць ад 6 да 10 пазіцый. Сёлета журы вырашыла скласці максімальна пашыраны варыянт — праз багаты ўраджай якасных паэтычных кніг.

«У доўгі спіс увайшло толькі на пяць кніг менш, чым у поўны, але і ў такім выглядзе засталіся кнігі, якія маглі б трапіць і не трапілі, бо не набралі патрэбнай колькасці галасоў. Зараз будзе складана, бо ўсе намінанты вартыя кароткага спіса. Усе кнігі розныя — па стылі, тэматыцы, паэты і паэткі вельмі адметныя, але інакш і быць не магло», — адзначае сябра журы Ульяна Верына.

Неўзабаве будзе абвешчаны кароткі спіс, а пераможца стане вядомы 24 траўня 2025 году.

Журы прэміі
Сёлета ў журы — пяцёра майстраў: паэты і паэткі, літаратуразнаўцы, уважлівыя чытачы і чытачкі, якія па-сапраўднаму любяць і разумеюць паэзію. Менавіта яны вызначаць галоўную інтрыгу прэміі — абяруць паэтычную кнігу года. Сярод публічных сябраў журы — асобы, чые імёны добра вядомыя ў літаратурнай прасторы:

Ульяна Верына — літаратуразнаўца, доктарка філалагічных навук.
Сяргей Дубавец — пісьменнік, рэдактар, літаратуразнаўца, крытык.
Ганна Шакель — паэтка і перакладчыца, рэдактарка часопіса «Taŭbin», лаўрэатка прэміі імя Наталлі Арсенневай за 2023 год.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў