Дзякуй, Варшава!


Варшава была апошнім горадам, у якім падчас эўрапейскага тура кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк і беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў сустрэліся з беларускай дыяспарай.

Польская сталіца - гэта адно з тых месцаў, дзе найбольш канцэнтравана пражываюць беларусы, і Уладзімір Арлоў правёў там сустрэчу не ўпершыню.


«Наша завяршальная сустрэча ў Варшаве, дзе даводзілася ўжо шмат разоў выступаць, прайшла для нас крыху нечакана, я сказаў бы, на высокай узнёслай хвалі, - адзначыў Уладзімір Арлоў. - І таму што ў зале было нямала знаёмых, і таму што яшчэ перад пачаткам я падпісаў нямала кніг, якія набывалі якраз незнаёмыя людзі, бо знаёмыя тыя кнігі ўжо мелі. Даваў аўтографы і на нядаўнім польскім выданні маіх “Танцаў над горадам”, якія пераклаў, як і дзве мае паэтычныя кнігі, Богдан Задура. Дзякуй, Варшава!»


Выступаючы перад беларусамі Варшавы, Яраслаў Іванюк чарговы раз дэклараваў, што, нягледзячы на некаторыя складанасці ў працы, інтэрнэт-бібліятэка надалей будзе развівацца і пашыраць свае лічбавыя рэсурсы. Будуць таксама выходзіць новыя  кнігі, сярод якіх, між іншым, «Цнота на потым» Барыса Пятровіча, «Каласы пад сярпом Тваім» Уладзіміра Караткевіча і новыя фрашкі Сяверына Квяткоўскага.


Кіраўнік Фонду Kamunikat.org выказаў словы ўдзячнасці прысутным на сустрэчы: былой кіраўніцы Беларускай Рэдакцыі Польскага Радыё праф. Ніне Баршчэўскай, старшыні Усходнеўэрапэйскага Дэмакратычнага Цэнтру Магдзе Дэмбкоўскай і сябру ўправы гэтага ж Цэнтру Паўлу Казанэцкаму, якія на розных этапах развіцца праекту Kamunikat.org аказалі вялікую дапамогу і падтрымку.

«Як важна на сваім шляху сустракаць добрых людзей! А мне на такіх людзей шанцавала»,
- канстатаваў Яраслаў Іванюк.


Крыніца: Kamunikat.org