Беларускія песні загучалі з сімфанічным аркестрам у Чэхіі


Напрыканцы сакавіка выйшаў новы альбом гурта RAZAM і спявачкі Івы Марэшавай (Iva Marešová) “Na dně mojí duše” (“На дне маёй душы”), запісаны разам з сімфанічным аркестрам філармоніі Градэц Краловэ. У гурце грае беларускі баяніст і кампазітар Аляксандр Ясінскі.

Плыта адметная тым, што ў ёй гучаць песні на тэксты беларускіх паэтаў: Уладзіміра Караткевіча, Валярыны Куставай, Алеся Плоткі (вядомага пад псеўданімам Baisan). 


Праект Na dně mojí duše яднае world music, джаз і класічную музыку. Гэта  глыбокае мастацкае і асабістае выказванне, насычанае сэнсамі, сімваламі і дэталямі. 


Разам з запісам альбома выйшаў кліп на загалоўную песню Na dně mojí duše (symphonic), які перадае тэмы праўды, унутранага позірку і смеласці сустрэцца сам-насам з сабой. Рэжысёр - Давід Корцына (David Korcina).


Тэкст песні, якая гучыць па-беларуску, напісаў паэт Алесь Плотка (Baisan). Музыку стварылі Іва Марэшова разам з Аляксандрам Ясінскім і Радкам Долэжалам. Алесь Ясінскі, які таксама з’яўляецца аўтарам аркестровай аранжыроўкі, паходзіць з Баранавічаў і з 2011 году жыве і працуе ў Чэхіі. 

Варта зазначыць, што Алесь Ясінскі піша музыку для аўдыёкніг Kamunikat.org

Альбом бузе прэзентаваны 6 красавіка 2025 года ў Празе. Спецыяльнымі гасцямі вечара стануць вядомы чэшскі актор Марэк Ламбора і фантастычны пяініст Ондржэй Кабрна. СПАСЫЛКА на квіткі.

Таксама Алесь Ясінскі прывязе плыту ў Польшчу і ў Літву, дзе выступіць з канцэртамі:

22/4 Przeswit, Варшава 
23/4 Bialystok Music Club, Беласток
25/4 Create Culture Space, Вільнюс 
26/4 Беларускі дом, Вільнюс


Фота RAZAM
Крыніца: Kamunikat.org