Няскораная грамадзянка БНР


Светлана Вранова пераклала на чэшскуку мову кнігу ўспамінаў Ларысы Геніюш. Выйшла яна ў Празе ў 2019 годзе пад загалоўкам «Пані Докторова». Прачытаў яе Пэтр Явурэк з той жа Прагі і... засаромеўся. Як гэта, маўляў, мае землякі-чэхі маглі выдаць саветам сям’ю Геніюшаў? Пачаў цікавіцца, як можна паспрабаваць выправіць сітуацыю. Атрымалася далёка не адразу, але ў снежні 2024 году Аддзел па грамадзянству Дэпартаменту права і гандлю Абласнога аддзялення Паўднёва-Чэшскага краю ў Чэскіх Будэёвіцах пацвердзіў, што Ларыса і Ян Геніюшы атрымалі чэхаславацкае грамадзянства 4 ліпеня 1947 года і захоўвалі яго безупынна да канца свайго жыцця: Ян Геніюш - да 8 лютага 1979 года, а Ларыса - да 7 красавіка 1983. 


Аказалася, што Геніюшам ніхто не перадаў даведкі пра адмену чэхаславацкага грамадзянства, таму, па сутнасьці, Ларысу і Янку Геніюшаў ніхто не пазбавіў чэшкага грамадзянства і таму іх выдача саветам была зусім не законная. Пра гэта падчас учарашняй сустрэчы распавяла Алена Ціхановіч. Сустрэча «Няскораная грамадзянка БНР» сымбалічна адбылася ў бібліятэцы імя Ларысы Геніюш ў Празе.

Гэта таксама была нагода, каб аднаму з яе арганізатараў - Сяргею Юрчанку - уручыць Медаль Ордэна Пагоні, прызнаны яму Радай БНР. Медаль уручыў Сяргей НавумчыкСяргей Юрчанка ў свой час быў ініцыятарам і фундатарам выдання "Камунікатам" першай кнігі Уладзіміра Арлова ("Ордэн Белай Мышы").


Прэзэнтучы выдадзеную Фондам Kamunikat.org разам з Цэнтрам Беларускай Культуры ў Беластоку кнігу ўспамінаў «Птушкі бяз гнёздаў», аўтар прадмовы да яе - Уладзімір Арлоў - выказаў перакананне, што некалі і ў Беларусі вуліцы будуць называць імем Ларысы Геніюш.


- Мы вырашылі змяніць загаловак на «Птушкі бяз гнёздаў», бо паводле сям’і Ларыса Антонаўна не хацела, каб яе ўспаміны выходзілі пад загалоўкам «Споведзь», - гаварыў кіраўнік Фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк. «Спавядаюцца вінаватыя, - гаварыла яна, - а я перад Беларусьсю віны не адчуваю».

Слова падчас сустрэчы ўзяла таксама перакладчыца ўспамінаў Ларысы Геніюш на чэшскую мову Светлана Вранова і Сяргей Кнырэвіч, дзякуючы якому ў новым выданні кнігі знайшліся ўнікальныя звесткі і дакументы. У прыватнасці, увагі заслугоўвае нідзе дагэтуль не публікаваны пашпарт грамадзяніна БНР Янкі Геніюша.


Варта дадаць, што Ларыса і Янка Геніюшы ніколі не прынялі савецкага грамадзянства.

З Прагі Уладзімір Арлоў і Яраслаў Іванюк едуць у Брно, дзе 22 сакавіка ў рамках заняткаў "Мова Нанова Брно" Уладзімір Арлоў распавядзе пра гістарычныя сувязі паміж Беларуссю і Чэхіяй, а Яраслаў Іванюк, кіраўнік фонду Kamunikat.org, пазнаёміць удзельнікаў сустрэчы з найбуйнейшай беларускай інтэрнэт-бібліятэкай і выдавецкай дзейнасцю гэтага праекта, які сёлета адзначае 25-гадовы юбілей.



Крыніца: Kamunikat.org