Kamunikat.org адзначае 25 гадоў існавання


Сёлета беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat.org, найбуйнейшая беларуская online бібліятэка ў свеце, адзначае сваё 25-годдзе. Яе мэта – зрабіць беларускую літаратуру больш папулярнай і больш даступнай для беларусаў. “Камунікат” не толькі выпускае аўдыёкнігі і алічбоўвае беларускую прэсу, але і выдае папяровыя кнігі.

Сённяшні Госць Рацыі – Яраслаў Іванюк – кіраўнік фонду „Камунікат“ распавядае пра гэтыя выданні і пра 25-годдзе „Камуніката“. 

РР: Спадар Яраслаў, вы святкуеце сёлета 25-годдзе. За гэты год вы ўжо выдалі сем кніг. Распавядзіце, якія?

— У гэтым годзе Kamunikat.org спаўняецца 25 гадоў, значыць, я ўжо чвэрць стагоддзя займаюся беларускай літаратурай. У мяне ёсць адзін любімы яўрэйскі анекдот: “Мошэ, ты шчаслівы? — А што рабіць?” Таксама і я — Яраслаў, вы займаецеся беларускай літаратурай. А што рабіць?

Гэты год мы пачалі з выдання другога нумару альманаха “Апостраф”, які стаў заменай “Дзеяслову”. Хоць гэта быў святочны дзень, кнігу мы забралі з друкарні 1 студзеня. Потым усё пайшло, паехала. Мы выдалі кнігу Васіля Быкава з двума аповесцямі — “Мёртвым не баліць” і “Ліквідацыя”. Гэта вельмі важная кніга. У Беларусі гэтыя аповесці выходзілі з рознымі вокладкамі, у 2014 годзе — без цэнзурных праўкаў, а пасля зноў з цэнзурнымі праўкамі. Для мяне гэта было абсалютна незразумела, таму, між іншым, гэты факт паўплываў на тое, што мы змеркавалі выдаць гэтыя аповесці ў Беластоку без цэнзуры. Гэта, фактычна, толькі другое выданне гэтых твораў Васіля Быкава без цэнзурных праўкаў.

Акрамя гэтага, у нас выйшла новая кніга Андрэя Федарэнкі — раман “Сцэнарыст”. Як некаторыя кажуць, гэта аповед пра беларускую кінаіндустрыю. Але мне здаецца, што гэта не да канца так. Гэта вельмі цікавае, нават крымінальнае чытво з добра закручаным сюжэтам і нечаканай канцоўкай, таму кожнаму будзе цікава прачытаць і дабрацца да фіналу гэтага тэксту.

Таксама мы выдалі зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва - “Камедыя Юдзіфі”. Гэта вельмі важна, што зборнікі тэатральных п’есаў выходзяць у замежжы. Ёсць некалькі беларускіх тэатральных трупаў, якія працуюць па-за межамі Беларусі, у эміграцыі. П’еса “Камедыя Юдзіфі” ўжо ставілася: Купалаўцы падрыхтавалі эксперыментальны спектакль, які можна паглядзець на іхнім YouTube-канале.

Яшчэ мы выдалі кнігу Лявона Карповіча"Апавяданні паштовых марак пра Вялікае Княства". Лявон Карповіч — вядомы ў Беларусі калекцыянер паштовых марак. Ён не толькі валодае вялікай калекцыяй, але і вельмі цікава распавядае пра гісторыю гэтых марак. Цяпер ён напісаў кнігу, дзе праз паштовыя маркі раскрываецца гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.

І яшчэ адно важнае для Kamunikat.org выданне — раман “Гэй Бэн Гіном” Уладзіміра Някляева. Гэта кніга, з якой фактычна пачалася нашая выдавецкая дзейнасць у лістападзе 2021 года. Калі Уладзімір Пракопавіч звярнуўся да нас з такой прапановай, я нават пяці хвілін не разважаў — ведаў, што гэтую кнігу трэба выдаць. І я ўвесь час паўтараю, што гэта “на жаль” перспектыўны праект. “На жаль” — бо такія кнігі павінныя выходзіць у Беларусі. “На жаль”, таму што гэта перспектыўны праект эміграцыі. Такія аўтары, як Някляеў, Арлоў і іншыя, цяпер друкуюцца ў замежных выдавецтвах, а яны павінныя друкавацца найперш у Беларусі, бо там застаецца асноўны чытач беларускай літаратуры.

Сёлета мы плануем выдаць раман “Гэй Бэн Гіном” у аўдыёверсіі. Над гэтым ужо працуе каманда, якой кіруе Крысціна Дробыш. Спадзяюся, напрыканцы лета мы парадуем аматараў беларускай літаратуры аўдыёверсіяй гэтага рамана.

Цалкам слухайце ў далучаным гукавым файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя