Кнігі ад Камуніката намінаваныя да «Глінянага Вялеса»


Дзьве кнігі выдадзеныя Фондам Kamunikat.org трапілі ў шорт-ліст літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2024 год.

Намінаваныя кнігі гэта зборнік вершаў гішпанскай паэткі, якая піша па-беларуску Анхелы Эспіносы Руіс «Астралябія божых таямніц» ды раман Зміцтра Дзядзенкі «Гульні Цырцэі».

Кнігі можна замовіць на сайце нашай інтэрнэт-кнігарні Kamunikat.shop

«Я заўжды пісала пра любоў – гаворыць аўтарка Анхела Эспіноса Руіс. – Да 2020 года, пра нейкае юнацкае, інтэнсіўнае каханне. Пасля 2020, і яшчэ болей ад 2022 – пра любоў-надзею, пра мары аб лепшай будучыні для блізкіх. Гэтай кнігай я хацела адыйсці ад наіўнасці першай любові, ад болю другой – імкнуцца да ўніверсальнай любові, да канцоў сусвету і да ўнутранага зярна ўласнага чалавецтва – да Астралабіі Божых Таямніц».Анхела Эспіноса Руіс гэта беларускамоўная паэтка з Гішпаніі. Як сама пра сябе піша: Трохі філёляг, трохі музыка. У яе кнізе забраная лірыка: — пра старыя замкі Эўропы, — пра неідэальную сымэтрыю каханьня, — пра невычарпальныя пытаньні неба, — і іншыя вершы.

«Гульні Цырцэі»
Зміцтра Дзядзенкі гэта - як вызначыў жанр для свае кнігі сам Аўтар - рэтра-крымінал. Падзеі адбываюцца ў Воршы ў пачатку 20-ых гадоў мінулага стагодзьдзя. Стары князь Друцкі забіты, а ягоныя каштоўнасьці зьніклі. Шукае іх малады чэкіст Раман Васільчук, якому дапамагае былы следчы Павел Дадэрка. Тым часам навокал успыхваюць сялянскія бунты і рабочыя паўстаньні, дзейнічаюць рабаўнікі-анархісты, шпіёны Пілсудскага і секс-шантажысты з дома цярпімасці… А паралельна даросламу свету ўзьнікае дзіцячае каралеўства з сапраўдным імператарам. Але і яно аказваецца ўцягнутае ў жорсткае дарослае супрацьстаяньне.

Абедьве кнігі напэўна вартыя атрыманьня прэміі «Гліняны Вялес» за 2024 год, але ёсьць і іншыя намінанты:
Вольга Гапеева. Пад асобнымі коўдрамі: вершы. — Лондан: Skaryna Press
Валер Гапееў. Вольнеры. Бясконцы дзень: раман (частка другая). — Варшава: Янушкевіч
Віктар Жыбуль. Аранжавы: вершы. — Берлін:  hochroth Minsk
Ігар Кулікоў. Бяс край: верша. — Берлін:  hochroth Minsk
Наталля Кучмель. Залатое: вершы. — Вільня: Пфляўмбаўм
Сяржук Сыс. DOM: вершы.  — Лондан: Skaryna Press
Андрэй Хадановіч. Дзікае паляваньне Караля Стаха. Вершы да оперы. —  Кракаў.  Gutenberg
Аляксандр Чарнуха. Гвалт: зборнік апавяданняў. — Варшава: Янушкевіч

«Гліняны Вялес» — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе членамі Таварыства Вольных Літаратараў. Старшыня арганізацыйнага камітэта Алесь Аркуш. Прысуджаецца за лепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.

Сярод ляўрэатаў былі між іншым Уладзімір Арлоў (1998 за зборнік эсэ «Божая кароўка з Пятай авеню»), Валянцін Акудовіч (2006 за кнігу «Код адсутнасці»), Барыс Пятровіч (2008 за кнігу «Жыць не страшна»), Андрэй Федарэнка (2014 за кнігу «Ціша») ці Міхал Андрасюк (2019 за раман «Поўня»).

У 2023 годзе «Гліняным Вялесам» пасмяротна быў ушанаваны Юрый Станкевіч - за агульны ўклад у беларускую літаратуру.

Як гаворыць ініцыятар прэміі «Гліняны Вялес» Алесь Аркуш, сёлетні ляўрэат будзе абвешчаны ў траўні 2025.

Крыніца: Kamunikat.org