У Вільні стартуе паэтычны фестываль «Вершы на асфальце»


У Вільні з 13 па 16 лютага пройдзе міжнародны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова «Вершы на асфальце». На яго з’едуцца музыкі, выдаўцы, распаўсюднікі кніг, але перш за ўсё — паэты і перакладчыкі, якія прэзентуюць плён сваёй працы за мінулы год. Сярод іншых у фестывалі прымуць удзел пісьменнік Уладзімір Арлоў і Фонд Kamunikat.org з Беластоку.

Гаворыць кіраўнік Фонду – Яраслаў Іванюк:

– Гэта вельмі важная пляцоўка для сустрэчы беларускіх літаратараў, пісьменнікаў, людзей слова, але таксама і для выдаўцоў. Таму што пры нагодзе гэтага фэсту, так як гэта было і ў Беларусі, так і цяпер у Вільні, адбываецца кніжны кірмаш. Каб прэзентаваць свае навінкі, тое, што мы выдалі за апошні год, за год, які прайшоў ад мінулага фэсту, а выдалі нямала.

Штогадовы Міжнародны паэтычны фестываль імя Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” заснаваны ў 2012 годзе Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Беларускім ПЭН-цэнтрам. Сёлета фестываль арганізоўваецца Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў у партнёрстве са Шведскім саюзам пісьменнікаў, Саюзам літоўскіх пісьменнікаў, Vilnius UNESCO literatūros miestas, Праграмнай Радай тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва” і Беларускім ПЭНам.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя