Выйшла анталёгія літоўскай паэзіі


Анталёгію “Горад на гары” выдала ў Беластоку Выдавецкае агенцтва «Экапрэс» у выдавецкай кааперацыі з Фондам Kamunikat.org. Сам праект задуманы і рэалізаваны Міжнародным саюзам беларускіх пісьменьнікаў.

Анталогія літоўскай паэзіі ўключыла ў сябе 29 галасоў найноўшай літоўскай паэзіі, перакладзеных беларускімі калегамі. Каардынатарам праекта выступіў Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў. Кніга змяшчае паэтычныя творы, якія з’яўляюцца актуальнымі для разумення літаратурнай сітуацыі ў Літве апошніх двух дзесяцігоддзяў. У кнізе “Горад на гары” чытачы пабачаць і тыя тэксты, якія ўжо можна было прачытаць у перыёдыцы, а таксама ў альманахах “Вялікае Княства Паэзіі”, але ладную частку анталогіі складаюць творы, якія былі перакладзеныя адмыслова для гэтага выдання.

Кніга зьмяшчае ў сабе паэтычныя тэксты аўтараў і аўтарак, якія сёньня актыўна ўдзельнічаюць у літаратурным жыцьці Літвы - піша ў прадмове укладальнік анталогіі Ціхан Чарнякевіч. - Укладаючы кнігу, рэдактары зьвярталі ўвагу на тое, каб паказаць найлепшае з актуальнага і, можа быць, у першую чаргу — ня самае вядомае беларускаму чытачу. Зьмест кнігі ня дзеліць паэтаў на пакаленьні ці плыні, літаратурныя групы ці аб’яднаньні: адкрываючы той ці іншы разьдзел, чытач будзе знаёміцца з канкрэтным індывідуальным досьведам паэта так, як яго вырашылі прадставіць перакладчык ці перакладчыца. Разам з тым ахапіць усё добрае ў літоўскай паэзіі ХХІ стагодзьдзя — мэта занадта прэтэнцыёзная, каб быць дасягнутай у адной кнізе. Зразумела, што ўкладальнікі і перакладчыкі чакаюць працягу, а ён можа — і павінен — быць”.

Адной з асноўных задач гэтае анталёгіі зьяўляецца знаёмства - дадае Ціхан Чарнякевіч. - Нягледзячы на стагодзьдзі жыцця нашых народаў у параўнальна лагодным добрасуседзтве, мы да жалю мала ведаем адно пра аднаго. Моўны бар’ер, з сумам даводзіцца канстатаваць гэта, працуе досыць адназначна ў сваёй дэфініцыі — агароджа мовы, якою аточаная літоўская літаратура, даволі рэдка і спарадычна пераадольваецца беларускімі перакладчыкамі. З гэтае прычыны палітра літоўскай паэзіі, асабліва ў сучасным яе варыянце, толькі кропкава, пуантылічна зьяўляецца ў беларускай прасторы”.

Выйшла анталёгія літоўскай паэзіі “Горад на гары” можна ўжо набыць на сайце Kamunikat.shop

13 лютага
ў супрацы з Vilnius UNESCO literatūros miestas на фестывалі “Вершы на асфальце” адбудуцца чытанні літоўскіх паэтаў і паэтак і іх беларускіх калегаў-перакладчыкаў, прымеркаваныя да выхаду анталогіі (Vilniaus literatų namai, пачатак Šv. Jono g. 11. 18-00).

Сярод літоўскіх паэтаў
знайшліся між іншым Эўгеніюс Алішанка, Грэта Амбразайце, Давіле Багдонайце, Рамуне Брундзайце, Гінтарас Граяўскас ці Нярынга Дангвідзе.

Беларускія перакладчыкі
гэта Марыя Мартысевіч, Ванда Марцінш душ Рэйш, Андрэй Адамовіч, Уладзімер Арлоў, Уладзіслаў Гарбацкі, Уладзімір Лянкевіч, Сяргей Шупа, Андрэй Хадановіч і Ціхан Чарнякевіч.Крыніца: Kamunikat.org