Каманда Kamunikat.org у межах выдавецкай серыі “Кнігі бяз літар” запісала і размясціла на лічбавых пляцоўках аповесць Аляксея Карпюка “Вершалінскі рай”. Агучыў кнігу паэт і музыка Віктар Сямашка, за музычнае суправаджэнне адказваў Аляксандр Ясінскі.
Маленькая вёска Грыбоўшчына на беларуска-польскім памежжы, на Сакольшчыне. На памежжы вёска апынулася пасля ўсталявання мяжы, а ў часы, якія апісвае аўтар, гэта была Заходняя Беларусь, населеная, збольшага, праваслаўнымі з невялікім дамешкам каталікоў. Жыў у вёсцы мужык — Альяш Клімовіч, які, назваўшыся памазанікам Божым, стварыў секту. Праўду сказаўшы, сам Альяш сябе прарокам не лічыў, але навакольны люд, ды чуткі, якія несліся пра ягоныя “здольнасці” па ваколіцы і спарадзілі гэтую з’яву — саматужнага прарока Альяша Клімовіча.
Раман заснаваны на праўдзівых звестках, апісвае здарэнні, якія насамрэч адбываліся на Сакольшчыне. Дагэтуль у Грыбоўшчыне стаіць царква, пабудаваная Альяшом, а сам “прарок”, застрэлены немцамі ў час другой сусветнай вайны, пахаваны на вясковых могілках. Аповесць без станоўчых герояў, але з хрысціянскім спачуваннем да кожнага. Хаця аўтар з такой трактоўкай не пагадзіўся б.
Крыніца: Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў