Выйшаў 44-ты выпуск альманаху „Запісы БІНіМ”


Надзвычай важнай у гэтым выпуску зьяўляецца публікацыя ўпершыню ўспамінаў Людмілы (Мікі) Канчэўскай — жонкі беларускага філёзафа Ігната Канчэўскага. Пераклад на беларускую мову з выдатнымі камэнтарамі падрыхтавалі Сьвятлана Курс, Марыя Мартысевіч і Тамара Юсьціцкая.

У гэтым выпуску мы вырашылі таксама зьвярнуцца да тэмы сучасных беларускіх асяродкаў на эміграцыі. Апошнія гады багата зьмянілі ў беларускай замежнай геаграфіі, і “Запісы” прапануюць чытачам пазнаёміцца з тым, што цяпер адбываецца ў суродзічаў у ЗША, Італіі, Канадзе, Нарвэгіі, Нямеччыне, Чэхіі. Розныя паводле характару тэксты, напісаныя аўтарамі, што самі паходзяць са згаданых асяродкаў, ствараюць шырокую карціну беларускай дзейнасьці ў замежжы ў сучаснасьці (Aleś Čajčyc, Kryścina Šyjanok, Darya Shut, Віталь Зайка і інш.)

Па-за “тэмай нумару” таксама альманах традыцыйна выступае ў якасьці пляцоўкі для публікацыяў вынікаў разнастайных дасьледаваньняў беларусаў з розных краінаў. І ў новым выпуску рубрыка “Публікацыі” як ніколі тэматычна разнастайная. Тут можна прачытаць заўвагі пра аўтарства “Песьні беларускіх выгнанцаў” ад Вера Бейка; спробу рэканструкцыі архіву Язэпа Драздовіча; біяграфію праваслаўнага сьвятара Міхала Бажар’янава, што працаваў для беларусаў на выгнаньні падчас Другой сусьветнай вайны, ад Юрыя Грыбоўскага; развагі пра асаблівасьці жыцьця беларусаў у Заходняй Эўропе пасьля Другой сусьветнай у сьвятле ліставаньня беларускага дзеяча ў Францыі Лявона Рыдлеўскага ў тэксьце Катажыны Вашчыньскай; спробу аднаўленьня біяграфіі пісьменьніка Анатоля Цярэшкі, зробленую Натальляй Гардзіенкай і Лявонам Юрэвічам. У тым самым разьдзеле Тацьцяна Астроўская піша пра ліставаньне сёлетняга юбіляра Васіля Быкава з балгарскім літаратуразнаўцам і перакладнікам Георгіем Влчавым, Віталь Воранаў апавядае пра беларускую дуду на паштовых марках, а Натальля Гардзіенка — пра гісторыю ўдзелу беларусаў у амэрыканскіх выбарах.

Спадчынаю мінулагодняга юбілею стала рубрыка “БНР” у новым выпуску “Запісаў”, дзе публікуюцца тэксты пра сувязь БНРаўскай тэматыкі зь БІНіМам і агулам дзейнасьцю беларускай эміграцыі, у тым ліку пра традыцыю сьвяткаваньня 25 Сакавіка ў ЗША.

У разьдзеле “Гісторыя” чытачу прапануецца колішні юбілейны тэкст эміграцыйнага беларускага гісторыка Вацлава Пануцэвіча, прысьвечаны 375-годзьдзю Берасьцейскай вуніі. Напісаны ў 1971 г., ён перавыдаваўся пазьней, але на старонках альманаху выходзіць удакладнены й пракамэнтаваны й мае на мэце зьвярнуць увагу як на само дасьледаваньне, гэтак і на ягонага аўтара, чыя спадчына дасёньня застаецца неацэненай.

Традыцыйна багатая ў “Запісах” рубрыка “Эпісталярыі”. Тут можна прачытаць кранальны інтымны ліст Станіслава Станкевіча да жонкі Зінаіды, напісаны ў часе Другой сусьветнай вайны, лісты таго ж Вацлава Пануцэвіча да айца Лява Гарошкі, надзвычай разнастайнае па геаграфіі, асобах і тэматыцы ліставаньне з архіваў Антона Адамовіча й Юркі Віцьбіча. Асаблівую каштоўнасьць маюць публікацыя няведамага раней ліставаньня Ларысы Геніюш з колішнім зэльвенскім немцам Мікалаем Шухартам, падрыхтаваная Ігарам Барыновым, а таксама прапанаваная Ганна Янкута перапіска двух пісьменьнікаў: беларускага — Кастуся Акулы й польскага — Флярыяна Чарнышэвіча, што закранае балючыя пытаньні беларуска-польскіх дачыненьняў у ХХ ст.

У разьдзеле “Архіваліі” перадрукоўваюцца з пэрыёдыкаў часоў Другой сусьветнай тэксты Антона Адамовіча й Хведара Ільляшэвіча, а ў рубрыцы “Беларусіка” чытачам прапануецца паглядзець, як рэпрэзэнтавалася на эміграцыі постаць Кастуся Каліноўскага.

Вельмі цікавы атрымаўся ў гэтым выпуску “Запісаў” разьдзел “Жанр”, дзе, з аднаго боку, публікуецца своеасаблівая аўтабіяграфія пісьменьніка Ўладзімера Сядуры-Глыбіннага, а зь іншага — ацэньваюцца з пункту гледжаньня сучаснасьці ягоныя спробы напісаньня твораў, прысьвечаных біяграфіям Максіма Багдановіча, Язэпа Пушчы ды яшчэ раз — сваёй уласнай.

Рубрыка “Выданьне” рэпрэзэнтуе друкі малаведамай беларускай ініцыятывы 1940-х — “Ордэну Двупагоні”, і найперш вялікі памфлет С. Хізмы (Антона Адамовіча) “Крыху каля «сьвятароў» і «цемняроў» (Зацемкі ўцьвеленага філёлёга)”. А ў наступным разьдзеле “Палеміка” зьмешчаны адказ на згаданы тэкст Адамовіча, зроблены іншым беларускім дзеячам Кастусём Езавітавым. Гэтак рэпрэзэнтаваная цікавая мовазнаўчая палеміка, што разгарнулася на старонках беларускага друку ў 1940-я.

У традыцыйнай рубрыцы “Ўгодкі” публікуюцца тэксты да гадавінаў беларускага дзеяча, гісторыка й выдаўца з Кліўлэнду Міхася Белямука (1925–2014) і польскага дасьледніка-бібліятэказнаўцы, сябры БІНіМу Шчэпана Зымэра (1903–1984). Ёсьць у новым выпуску й заўсёдная “Кніжная паліца”, дзе, сярод іншага, зноў публікуецца агляд беларускіх пэрыёдыкаў, што выдаюцца ў замежжы.

Завяршае гэты нумар не зусім звычайная “Кніга ў «Запісах»”, якая рэпрэзэнтуе не надрукаванае некалі й рэдкае цяпер выданьне, як было раней, а недапісаны тэкст, які насамрэч не ўвайшоў некалі ў кнігу твораў Вацлава Ластоўскага, выдадзеную ў Мюнхэне ў 1956 г. “Званар Адраджэньня” — спроба стварэньня біяграфіі ведамага беларускага дзеяча, аднак аўтар Антон Адамовіч, на жаль, ня скончыў яе. Тым ня менш нават у незавершаным выглядзе гэты тэкст мае выразную каштоўнасьць. Таму рэдакцыя “Запісаў” вырашыла апублікаваць яго, каб зноў увесьці ў навуковы зварот.

Агулам 44-я “Запісы БІНіМ” атрымаліся даволі разнастайныя, магчыма нават эклектычныя, зрэшты, як і ўсё беларускае нацыянальнае жыцьцё на эміграцыі і ў мінулым, і ў сучаснасьці. Спадзяемся, што самыя розныя чытачы змогуць знайсьці сярод зьмешчаных тут матэрыялаў нешта для сябе цікавае.

Натальля Гардзіенка

Крыніца: Kamunikat.org