„Камедыя Юдзіфі” - Камунікат выдаў зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва


У кнігу выдатнага беларускага драматурга Сяргея Кавалёва ўвайшлі яго новыя п’есы, напісаныя ў розных жанрах: гістарычная драма, філасофская камедыя, містычны дэтэктыў, гарадское фэнтэзі, казка-прыпавесць. Верны свайму герменеўтычнаму метаду, драматург плённа выкарыстоўвае ў сваіх п’есах матывы і сюжэты беларускай і сусветнай літаратуры, побач з героямі класічных твораў выводзіць на сцэну іх аўтараў (Яна Баршчэўскага, Вацлава Ластоўскага і інш.), запрашае чытача, а потым і гледача ў падарожжа праз краіны, эпохі, культуры.

Зборнік п’есаў Сяргея Кавалёва „Камедыя Юдзіфі” можна набыць на сайце Kamunikat.shop

На падставе п’есы "Камедыя Юдзіфі" экспэрымэнтальны спектакль ставілі "Вольныя Купалаўцы".

Як чытаем у анонсе гэта "новая інтэрпрэтацыя біблейскай гісторыі, якая цягам стагоддзяў неаднаразова прыцягвала ўвагу мастакоў, кампазітараў і паэтаў. Спроба асэнсаваць жыццё і ўчынкі Юдзіфі з сённяшняга пункту гледжання, зразумець не толькі рэлігійныя, але і псіхалагічныя матывы паводзін біблейскіх герояў, спроба вытлумачыць іх гісторыю як універсальную прытчу аб сутыкненні лёсаў чалавека з няўмольным рухавіком гісторыі".

Паводле выканаўцы галоўнай ролі Зоі Белахвосьцік, спектакль — «пра ўсе войны свету, былыя, сённяшнія і будучыя».

«Жах перад ворагамі — выклік для Юдзіфі, яе веры, чысціні, годнасці і вернасці свайму народу! Яна выбірае подзвіг. Але гэтая жанчына — не ікона, яна адна з нас», — гаворыцца ў прэс-рэлізе «Купалаўцаў», пра што пісала Радыё Свабода.

Сяргей Кавалёў гэта вядомы беларускі драматург і літаратуразнаўца. Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў філфак Беларускага дзяржаўнага універсітэта, дзе пазней працаваў выкладчыкам на кафедры гісторыі беларускай літаратуры. Кандыдат філалігічных навук з 1991 г., доктар філалагічных навук з 2002 г. Цяпер прафесар Люблінскага універсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай (Польшча).

Яго п’есы ставіліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Славакіі, Балгарыі. Апублікаваныя ў аўтарскіх зборніках “Хохлік” (2002), “Стомлены д’ябал” (2004), “Навука кахання” (2005), „Zmęczony diabeł” (Lublin, 2004), “Шлях да Бэтлеему” (2009), “Сёстры Псіхеі” (2010), “Крывіцкі апокрыф” (Беласток, 2013), “Интимний щоденник” (Дрогобич), “Сляза волата” (Беласток, 2021).

У 2009 г. у Мінску выйшаў зборнік артыкулаў пра драматургічную творчасць Сяргея Кавалёва: “Паміж Беларуссю і Польшчай: Драматургія Сяргея Кавалёва / Pomiędzy Białorusią a Polską: Dramaturgia Siarhieja Kawalowa”.Крыніца: Kamunikat.org