Дабрачынная выстава-продаж у падтрымку цяжкахворай мастачкі Ніны Маргаевай


У Вільні 4 лютага ў творчай прасторы CreateCulture Space адкрылася дабрачынная выстава-продаж у падтрымку цяжкахворай мастачкі Ніны Маргаевай. Яна дапаўняе бягучую экспазіцыю карцін Ніны Маргаевай, якая адкрылася ў CreateCulture Space 23 студзеня.

Як кажа арганізатарка выставы, мастачка Лера Лазук, свае карціны прадаставілі такія вядомыя персоны як Ксіша Ангелава і Піт Паўлаў, так і тыя, хто хоча застацца ананімнымі:

– Некаторыя карціны ў нас выстаўленыя ананімна, вось ёсць такія крыху наіўныя, сюррэалістычныя карціны, аўтарку якой мы не называем, але калі чалавек будзе набываць карціну, то мы можам раскрыць, калі гэта будзе верыфікаваная асоба. А з найбольш такіх знакамітых аўтараў у нас тут прысутнічае Ксіша Ангелава з вельмі прыгожым палатном, якое называецца “Апошні снег”, такая лірычная, трохі сумная карціна.


Усе сабраныя сродкі ад продажу карцін (за вылікам падаткаў) будуць накіраваныя на падтрымку Ніны Маргаевай, якой у студзені 2023 года  дыягнаставалі бакавы аміятрафічны склероз (БАС) — рэдкае і невылечнае захворванне, што патрабуе пастаяннай медыцынскай дапамогі і лячэння.


Выстава ў віленскай творчай прасторы CreateCulture Space будзе доўжыцца да 20 лютага ўключна.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле.

Беларускае Радыё Рацыя
Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя