«Спроба эксперыментальнага канструявання сябе». Выданне новай кнігі Макса Шчура


На платформе «Гронка» праходзіць чытацкі краўдфандынг на выданне кнігі ўспамінаў Макса Шчура (лаўрэата Гедройця 2016) - «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» (новае выдавецтва «SayBeat»).

Да канца збору засталося некалькі дзён (магчыма, ён будзе нязначна падоўжаны). «Сабрана больш за 60% грошай ад усёй патрэбнай сумы, але на выданне абедзвюх частак кнігі гэтага, на жаль, не хопіць», - паведамляюць арганізатары праекту і заклікаюць беларускіх чытачоў і чытачак падтрымаць ініцыятыву. Між тым сігнальны асобнік 1-й часткі кнігі днямі прыйшоў з друкарні.

Каб атрымаць кнігу ў 2-х частках, падзяку ў кнізе або некаторы з іншых лотаў, завітвайце на старонку праекту і зрабіце свой унёсак у беларускі літаратурны працэс!  Калі праект будзе ўдалы, выдавецкая ініцыятыва «SayBeat» абавязкова працягне сваю дзейнасць.

Даведка

Макс Шчур — палітэмігрант, паэт, перакладчык, лаўрэат прэміі Гедройця (2016 г.) за раман «Завяршыць гештальт» і прэміі Юхнаўца за раман «Там, дзе нас няма» (2004 г.) Аўтар шэрагу кніг паэзіі і прозы («Ліст, знойдзены на папялішчы», «Галасы», «Кінараман»), перакладчык з англійскай, іспанскай, чэшскай і іншых моў. Галоўны рэдактар сайту «Невідочнае места» (2003—2008) і віртуальнага літаратурнага часопіса «ЛітРаж» (2013—2020). Аўтар ютуб-каналу https://www.youtube.com/@luempen , дзе публікуе свае пераклады песень і развагі пра будызм. 
 
Пра яго новую кнігу «Спроба экспэрымэнтальнага канструяваньня сябе» ўжо напісалі і апублікавалі ўрыўкі Літрадыё і Радыё Свабода.   

Таксама ўрывак з кнігі быў надрукаваны ў альманаху пісьменнікаў замежжа «Беларус»
 
Максім Жбанкоў: «Макс Шчур — сакрэтны еўрапеец сучаснага белліту. Ён жыве на мяжы моваў, стыляў ды трэндаў — і праходзіць іх наскрозь. Пражскі жыхар і шчыры rock’n’rolla, майстар ментальнага фрыстайла і алдовы фанат Канчэўскага з Кэралам — Шчур заняты прыватным дызайнам іншай беларускасці. Яна не мае шанцаў адбыцца мэйнстрымам. Затое, безумоўна, належыць будучыні. Новы раман — адначасова прыватныя мемуары, інтымны дзённік, шумы ў эфіры і партрэт эпохі».

Памятайце, што платформа «Гронка» абвешчаная ў Беларусі «экстрэмісцкай». Бяспека перадусім!
Крыніца: Камунікат